Ева Астроўская. Чарнобыль. Вішні

Мой узрост вымяраецца адлегласцю ад Таго Дня. Мо выпадкова,
Чарнобыль маладзейшы за мяне на 6 год, ён паўмерак, недамерак, не дарос
і наўрад ці калі дарасце. Шэсць год – дыстанцыя, якая гарантуе позірк.
Для мяне ж адлегласць у часе пастаянна і немінуча змяняецца – над ранаю
памяці павольна сцягваюцца шрамы. Я з 4-ай зоны. Чарнобыльскі вожык,
дзіцё-ахвяра-аварыі, Tschernobylskind – на ўсё гэта я ўжо забылася,
намацваю ў сабе, быццам старыя калючкі, яны заселі глыбока, паўрасталі,
гады, час ужо іх выцягнуць, толькі кроў у вушах – ці гэта комп
перагрэўся? – і словаў не стае.

У гадавіну катастрофы СМІ збольшага маўчаць:
Вялікдзень-дэпутатка-з-каровай-ман’які-Пуцін-футбол-Арсенал. За гулам
вобразаў з ідэальнага жыцця вечна гладкіх ног прыходіць разуменне:
Чарнобыль болей не падзея. Баба Нюра вярнулася ў сваю вёску, для
турыстаў пабудуюць гатэль, магільнікі-рэактары чвыркаюць грашыма. Я –
жыву. І ведаю пра немагчымае: дзяцей-мутантаў, прамянёвую хваробу,
генныя трансфармацыі, пухліны, цыкл распаду цэзію. Ха! Я не ведаю
нічога – пасярод вербальна-ідыятычных формаў не стае адпаведніка жаху,
хіба што пафасная банальнасць папоў і пустыя гукі медыцыны. Чаму мне
трэба пра гэта казаць? Я ж жыву…

Мне шэсць год. Дзень нудны, павольна разгортваю затхлае паверта,
сланечнік ўжо па калена, мутарна. Праз шэры туман памяці бягу да таты –
ён вунь, на ўзгорку, трохі нападпітку. Татка!!! так рана з працы?!
Шчасце. Нешта здарылася, самалёты, на працы налівалі па сто грам – гэта
быццам бы дапамагае. Некалькі бясконцых дзён сяджу ў хаце, за сценамі –
бэээ, як добра заплюшчыць вочы, яе бачна – радыяцыю, дробненькія шэрыя
шалупінкі, яна празрыстая, а я яе бачу. Спрабую ёю не дыхаць. Сяброўка
тырыць мае цацкі, але выперці яе на двор немагчыма, лепш бы садок не
зачынялі. З вакна таксоўкі – пустыя шырокія ходнікі горада, гэта Кіеў?
Глядзі, дзяцей зусім няма. Мама. Самалёт, унізе прыгожа, там мядзведзі
– гэта ж Урал, тут памёр Чапаеў. Холадна. Спім чацвёра на адной канапе,
пяты паверх, дзецца няма куды. Я тут – хахолка. Не ведаю, што гэта
такое. Мясцовыя дзеці са мной не гуляюць, адзін хлопец кінуў у мяне
камень, я хацела яго пабіць, але ягоная маці ўзяла яго за руку і хутка
павяла прэч. Ходзім з мамаю ў кіно, марозіва ў кардонных стаканчыках,
увесь час цячэ, не паспееш яго адкрыць – і ўжо заляпалася. Усе
прыстаюць, што я худая, у цёткі дзве лядоўні, але мне падабаецца толькі
шыпучка. У серванце паставіла татава фота – няхай глядзіць толькі на
мяне! Адной раніцай кажу, што кінуся з балкона, калі мы не паедзем
дадому. Мяне бяруць на жарты. На выходныя ўсе ідуць на прыроду, п’юць,
збіраюць суніцы для сына маёй цёці і толькі мая маці – для мяне. У залі
чакання вельмі шумна, спякотна, незразумелыя чэргі. Раптам разумею, што
дзіка хачу есці. Сяджу на сумцы і жую, навокал людзі, мне не страшна.
Побач нейкая жанчына корміць свайго сына вішнямі. Адчуваю ў горле
нейкія незразумелыя і дужа дарослыя слёзы, заядаю іх курыцай.
Прыязджаем дадому позна ўночы. Бацька глядзіць футбол, суніцы ўжо
адыйшлі, затое амаль паспелі вішні. Я жыву!!!

Школа: людзі, стасункі, непаслухмяныя пальцы, праклятыя гузікі,
быць не горшаю, стаць лепшаю… сярод турботаў і трывогаў новага жыцця
сеціва незразумелых словаў: саркафаг, белакроўе, рак. У школе пра гэта
не гавораць, толькі дома, выхопваю ўрыўкі чужога страху. Містычная
гучнасць словаў разліваецца па скуры хтанічным захватам: гісторыі пра
тое, як паміраюць ліквідатары, чатырохногія кураняты, міфічны Вялікі
Шлях – дарога-бетонка, па якой на зону возяць прадукты і пясок, а
адтуль – абсталяванне і людзей. Калёсы машын ніхто не мые. Нейкі час
баюся аблысець, як дзяўчынка ў навінах ці хлопчык з суседняга класа.
Узровень радыяцыі на маёй вуліцы ўсё яшчэ высокі, але потым норму
падвысілі, і радыяцыя стала нармальная. Пасля цэлага дня “Лебядзінага
возера” па ўсіх каналах палітінфармацыю скасавалі. Хаос, купоны,
беднасць, бязглуздзіца акцябратаў. Чарнобыль афіцыйна прызнаны асноваю
нашай ідэнтычнасці: мы – ахвяры. Колькі рокаў жыву пад знакам сусветнай
скрухі, нават пішу вершы, слабенькія і пафасныя. Штогадовы школьны
канцэрт да дня катастрофы: мы ў рэспіратарах і халатах, голас дрыжыць,
чамусьці спяваем песню пра Афган, ўсе расчуліся. Паступова зноў
пачынаем збіраць ягады ды грыбы. 130 год – гэта замнога, да таго ж, ямо
вунь бульбу з агароду, і нічога. Пра наступствы намагаюся не думаць.
Бадзёрыя нямецкія пенсіянеры спагадліва гладзяць усіх па галоўцы,
дораць ношанае шмаццё і дойчмаркі. Дружна прыбядняемся; раптам пачынаю
пранікнёна шкадаваць пра сваё змарнаванае дзяцінства; чытаю Шаўчэнку.
Некалі за ўсё гэта стане сорамна.

ІІ курс, абавязковая акцыя – наведванне музея Чарнобыля.
Выхавальны захад №!. Пажар, рэактар, на стужцы людзі, якія даўно
сканалі ад малакроўя ці прамянёвай хваробы. Іхныя ўсмешкі на камеру.
Пустыя вёскі. Дзеці-пачвары. Экскурсаводка ўсхваляваным магнітафонам
распавядае пра нашую Трагічную Веліч: мы нацыя мутантаў,
двухгаловых-цялятаў-чатырохлапых-куранятаў, маем, чым ганарыцца –
героямі каля рэактара, целамі сваімі аплацілі яны нашую будучыню, жыццё
Еўропы! Голас захлынаецца ад пафасу, мужны Пажарны з мадэлькаю рэактара
ў руках ветліва ўсміхаецца: Прыязджайце яшчэ! Кожныя 10 хвілінаў на
версе мадэлькі загараецца чырвоная лямпачка, шматкі рэактара
арганізавана раз’язджаюцца ў бакі, тады Пажарны пальцам левай рукі
вяртае іх назад і прыкрывае далонню. Гэтым людзям не сказалі, што яны
ідуць на смерць!

Нацыя пакацігарошкаў-сталкераў цудоўна развіваецца ў целе новага
аўтаміфа: ад бацькі-Багдана і Наташы – найлепшай з еўрапейскіх
прастытутак – да памаранчавай еднасці залатакосых матуляў. Нацміф,
улагоджаны ўласнай банальнасцю, дайшоў да ідэі развіцця: чарнобыльскі
боль пагрузілі ў вобраз Аўроры – чалавека і парахода, – расфасавалі і
утылізавалі ў нетрах меладраматычнай амерыканскай душы. Гістарызацыя
прайшла паспяхова. За бартом засталіся некалькі сотняў тысячаў тых, хто
навучыўся граць у бліц-латарэю саркомнай смерці і насіць яе ў сабе.
Кошт жыцця – 1 грн. 60 кап. у месяц (законная даплата на “чыстае
харчаванне”). Ільготы: ранняя пенсія і беззабароннае пашырэнне могілкаў
для зруйнаваных костак і жорстка парэзаных маціцаў. Прастор, прыдатны
для жыцця. Небяспека лакалізвананая ў целах тых-хто-тады-вярнуўся.
Проста не ешце грыбоў і лясных ягад – іх мы вязем у Кіеў, гараджане
бяруць. Тым, хто супраціўляецца, прапануем паркет з нашых лясоў;
сталярка, каму сталярка, дошка-вагонка, рэйкі, планкі, сырок, свежая
рыбка, – крывіць твар нячысцік Чарнобылю, алтар ахвярнасці, галоўны
трыксцер Украіны. Мы нікога не падманваем, чарніцы падаўжаюць жыццё
вашых вачэй.
Дзесяць год жыцця ў іншым месцы. У якой складцы шчырасці, затхлай без
паветра, застаюся я? Адчужаная ад уласнай гісторыі спекулятыўнай
гаворкай меладрамы і дзіва, я больш не маю словаў. Пустую галаву цягне
кроў. Мне зноўку шэсць год, я ведаю, што мяне чакае: нудны запылены
дзень, звесткі ні пра што, страх і адчужэнне, дзяцінства пад знакам
пафаснага спачування да сябе самой. Перакласці адказнасць на ўрад – што
яны, праклятыя, з намі робяць. Дэманізаваць Чарнобыль. Адной страшнай
ноччу ў пакутах зразумець сэнс выразу невылечная хвароба, ужытага да
тваіх родных. Навучыцца не трымцець ад болю. Закусіць губу і ісці праз
іх надта раннюю старасць і боль, і самае страшнае – надзею. Ігнараваць
дэталі.

Мне дваццаць шэсць год. Я прыязджаю дадому і ем вішні з дрэва, пасаджанага ў год майго нараджэння. Я жыву.

                                                                                                      пераклад
з украінскай Волі Мартыненкі

арыгінал артыкула:
http://prostory.net.ua/ru/articles/4-articles/66-2008-08-15-17-50-16

About kairos

Либертарный блог, инициированный для актуального анализа и критики современной ситуации в Беларуси и мире, площадка для культивирования альтернативных, неавторитарных подходов к политике, искусству и повседневной жизни.
This entry was posted in пераклады. Bookmark the permalink.