Франк Дзювэль. Глябалізацыя кантролю над міграцыяй (Частка 2)

 Франк Дзювэль. Глябалізацыя кантролю над міграцыяй (Частка 2)

Толькі цягам двух гадоў МАМ падвоіла колькасьць сваіх прадстаўнікоў з 40 да 100. Увесь сьвет быў падзелены на 19 рэгіёнаў міграцыі, на чале кожнага зь якіх стаіць рэгіянальная штаб-кватэра, да прыкладу, у Брусэлі, Рыме, Будапэшце, Гельсынкі ці Бангкоку. Ейныя пэрэфэрыйныя філіі, што ажыцьцяўляюць «Праграму збору інфармацыі па праблемах міграцыі», можна разглядаць як бастыёны глябальнай «сыстэмы папярэджаньня міграцыі», якая пастаўляе ў краіны-пункты прызначэньня дадзеныя пра міграцыйныя рухі, структуры, сувязі і памагатых [33]. МАМ экспартуе эўрапейскую мадэль кантролю над міграцыяй ва ўсе астатнія часткі сьвету, такія, як Заходняя Афрыка, дзе МАМ і «Эканамічная супольнасьць заходнеафрыканскіх дзяржаваў зьбіраюцца заснаваць Аддзел міграцыйнае статыстыкі, які дазволіць палепшыць разуменьне праблемаў міграцыі і дапаможа заснаваць эфэктыўныя міграцыйныя праграмы і міграцыйную палітыку» [34]. Тое ж самае адбываеццца ў Паўднёвай Амэрыцы ў рамах Пуэблаўскага працэсу і ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі ў рамах Манільскага працэсу, кожны зь якіх ёсьць сынонімам рэгіянальнага міграцыйнага рэжыму.

МАМ заўжды распачынае сваю дзейнасьць зь якіх-небудзь дасьледаваньняў, пасьля справаздачу публікуюць, адзначаючы выяўленыя праблемы, такія, да прыкладу, як колькасьць нелегальнага насельніцтва [35]. Часта насамрэч гаворка ідзе пра грамадзянаў суседняй краіны, і ў краіне, зь якой яна мяжуе, дзе яны жывуць і працуюць, іхная прысутнасьць не ўспрымаецца як праблема цераз гістарычныя і культурныя сувязі паміж народамі – прыкладам можа служыць 50-гадовая традыцыя адчыненых межаў паміж краінамі СЭУ [viii]. Калі ўжо «праблема» была створаная, МАМ прыходзіць у краіну і прапануе парады стасоўна стратэгіі ейнага разьвязаньня, дапамогу ў распрацоўцы і ажыцьцяўленьні новай палітыкі, і, нарэшце, навучае карыстацца новымі тэхналёгіямі кантролю над міграцыяй. Да прыкладу, ва Ўкраіне МАМ наладзіла тамтэйшым памежнікам экскурсію на мэксыканска-амэрыканскую мяжу, каб прадэманстраваць, як выглядае эфэктыўны рэжым кантролю.
МАМ ня толькі назапашвае, канцэнтруе і, у сваю чаргу, пашырае сучасны стан рэчаў у палітыцы і тэхналёгіі кантролю над міграцыяй ва ўсіх частках сьвету, яна таксама прапануе ўсеабдымны падыход, утвораны камбінацыяй захадаў, у шэраг якіх уваходзяць схемы дыскрэдытацыі міграцыі (т. зв. «Інфармацыйныя сэмінары»), стварэньне новых пунктаў памежнага кантролю (як ва Ўкраіне), будоўля і падтрымка дзейнасьці лягераў для затрыманых (да прыкладу, у Наўру), высылка непажаданых мігрантаў (т. зв. «добраахвотныя схемы вяртаньня», што дзейнічаюць у Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Нідэрляндах і шматлікіх іншых краінах) ды найманьне пажаданай працоўнай сілы (да прыкладу, з Эквадору для Гішпаніі). Міжурадавыя кансультацыі па праблемах прытулку, уцекачоў і міграцыйнае палітыкі ды Міжнародная арганізацыя па праблемах міграцыі ня толькі заснаваныя на эканамічных прынцыпах, але таксама выяўляюць надта расысцкую ідэю нацыянальнасьці, дому ды прыналежнасьці. Падставовым для іх ёсьць меркаваньне, што «людзі павінны пераважным чынам жыць там, дзе іхны дом, дзе іхны народ ды іхная зямля» [36].

Міт пра сьвет без межаў.
Эўрапейская гісторыя паказвае, што вынікам эканамічнай інтэграцыі, мабільнасьці і міграцыі можа стацца пэўнае збліжэньне заробкаў [37]. Некаторыя навукоўцы таму чакаюць, што глябалізацыя пацягне за сабою зьнікненьне нацыянальных дзяржаваў і межаў, – і паўстане сьвет бязь межаў [38]. Іншыя мяркуюць, што нэалібэральная палітыка дэрэгуляцыі ў рэшце рэшт паўплывае на міграцыю, і будуць дазволеныя некантраляваныя масавыя перасоўваньні людзей [39]. Нэаклясычная эканамічная тэорыя спрабуе нас запэўніць, што глябалізацыя плюс міграцыя зьнішчаць няроўнасьць ды пацягнуць за сабою большую справядлівасьць у разьмеркаваньні [40]. Аднак гэта вельмі далёка ад рэалізму. Наадварот, нэалібэральныя навуковыя цэнтры, такія, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (OECD) ці Шматбаковая Камісія (Multilateral Commission) настойваюць на тым, што палітыка дэрэгуляцыі фінансаў і гандлю павінна ажыцьцяўляцца паралельна з палітыкай захаваньня моцнай сыстэмы рэгуляцыі перасоўваньняў працоўнай сілы і мігрантаў [41]. Гэта супадае з тэндэнцыяй стварэньня новых дзяржаваў, працэсамі перадачы паўнамоцтваў (як у Вялікай Брытаніі ды Італіі), прапанаванай канцэпцыяй эўрарэгіёну, што мусіць заступіць месца ідэі нацыянальнае дзяржавы, і адначасова з увядзеньнем новых пілётных схемаў для таго, каб кантраляваць, а калі неабходна, то і абмяжоўваць перасоўваньні хуліганаў, злачынцаў, шукальнікаў прытулку і супраціўнікаў глябалізацыі. Такое відавочнае разьмежаваньне патрабуе вытлумачэньня: імпэрыялізм засноўваецца на эксплюатацыі розьніцы ў заробках і ўзнаўленьні вытворчых выдаткаў паміж рэгіёнамі і краінамі, расамі ды поламі, узаконенымі і нелегальнымі сацыяльнымі групамі [42]. Ён вызначаецца стратэгічным інтарэсам у захаваньні сацыяльных і геаграфічных разьдзяленьняў шляхам падзелу чалавецтва паводле полу, расы і тэрытарыяльнай прыналежнасьці. Уяўленыя, сацыяльна сканструяваныя ці матэрыяльныя межы ёсьць падставовымі для сусьветнага эканамічнага парадку. Мэта міграцыйнае палітыкі – захоўваць сыстэму межаў і тэрыторыяў і ў гэты ж самы час эксплюатаваць розьніцу паміж краінамі ў заробках і вытворчых выдатках. Палітэканомія розьніцы ў заробках паміж Сынгапурам ды Інданэзіяй (1: 289), Мэксыкай і ЗША (1:50), ці Нямеччынай і Польшчай (1:10) добра падмацаваная дакумэнтальна [43]. Узмацьненьне межаў, кантроль над міграцыйнымі рухамі ды мабільнасьцю наагул, стварэньне новых межаў (да прыкладу, на Балканах ці паміж рэспублікамі былога Савецкага Саюзу) і нават тэхналёгіі кантролю за перасоўваньнем, такія, як камэры відэанагляду і біямэтрычнае сканаваньне, – аспэкты аднаго і таго ж працэсу. Ужо існуе «гіерархія мабільнасьці» [44], бо глябальным элітам дазволена вольна перасоўвацца, у той час, калі рухі працаўнікоў жорстка рэгуляваныя, а тым, хто не загадвае капіталамі (да прыкладу, турыстам), ці тым, хто не выяўляе эканамічнае актыўнасьці, перадусім калі яны могуць стацца фінансавым цяжарам для дзяржавы (як у выпадку з уцекачамі) – наагул перашкаджаюць перасоўвацца. Няроўнае стаўленьне да высокаадукаваных імігрантаў, шукальнікаў прытулку, нелегалаў і выгнанцаў – яскрава сьведчыць пра эканамічны разьлік, што існуе за падвойнай нэалібэральнай стратэгіяй дэрэгуляцыі і рэгуляцыі.

Высновы: глябальнае кіраваньне міграцыяй ня ёсьць унёскам у сацыяльную справядлівасьць.


XVIII-ае і XIX–ае стагодзьдзі, калі панавала мадэль пераезду дзеля сталага пражываньня на незаселеныя раней кантынэнты, ці туды, дзе імігрантаў прымалі проста для таго, каб вынішчыць тубыльцаў, – даўно прамінулі. Канцэпцыі стасоўна «запрошаных работнікаў» і працаўнікоў-імігрантаў, якія паўсталі пасьля 2-ой сусьветнай вайны і прадугледжвалі, што часовыя працаўнікі вернуцца на радзіму, калі скончыцца эканамічны бум, – пацярпелі паразу, што і вымусіла такія краіны, як Францыя, Вялікая Брытанія ці Нямеччына, пагадзіцца са сваёй роляй шматэтнічных грамадзтваў. Аднак уступ да новага іміграцыйнага закону Нямеччыны відавочна сьведчыць пра тое, што гэтую памылку не зьбіраюцца паўтараць [45]. МАМ і ЭЗ сёньня прымаюць уласна глябальную міграцыю, але настойваюць, што ёю неабходна «слушна кіраваць». Цяперашнія схемы, якія функцыянуюць у Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Італіі ці Гішпаніі, выяўляюць перавагу што да міграцыі на жорстка вызначаны кароткі тэрмін, якая больш адпавядае эканамічнаму попыту ў параўнаньні з пасяленьнем на працяглы тэрмін. Апошнія тэндэнцыі ў кіраваньні іміграцыяй перадусім адлюстроўваюць палітыку найманьня на кароткі тэрмін і хуткага звальненьня, – у выніку больш гнуткім і рухомым стаецца насельніцтва, а не сама іміграцыйная палітыка. Гэта таксама нагадвае стратэгіі, вядомыя з кейнсіянства, а менавіта тыя элемэнты, што былі скіраваныя на рэгуляцыю сацыяльных канфліктаў праз інтэграцыю працоўнае клясы і ейнага патрабаваньня вышэйшых заробкаў і стандартаў жыцьця ў працэсе капіталістычнага росту. Такая стратэгія, адаптаваная пад міграцыйную палітыку, мае на мэце разьвесьці прадукцыйныя і непрадукцыйныя элемэнты міграцыйных рухаў і ператварыць першыя на рухавік эканамічнага росту. Урады перадусім імкнуцца камбінаваць панятак этнічна аднастайнай нацыянальнай дзяржавы (такімі лічаць Тымор, Косава, Казахстан, Украіну, Кенію і г. д.) з рэжымам часовай міграцыі паміж гэтымі адзінкамі.

Агрэсіўнасьць, зь якой ЭЗ і ЗША, а таксама транснацыянальныя арганізацыі (у якіх яны дамінуюць) навязваюць свае канцэпцыі кантролю над іміграцыяй, ёсьць прыкметай імпэрыялістычнага зруху да таго, каб лёгка дамагацца падатлівасьці і падпарадкаваньня ад трэціх краінаў з дапамогай палітычнай, эканамічнай, фінансавай і нават вайсковай сілы. Што да іміграцыйнае палітыкі, да прыкладу, калі ЭЗ ці IMF разважаюць, як адрэагаваць на спад колькасьці насельніцтва, і нават адзначаюць, што для разьвязаньня гэтае праблемы можа спатрэбіцца да 75 мільёнаў імігрантаў, – гэта адлюстроўвае, што плянаваньне дзеяньняў, якія мусяць ахапіць ня толькі Эўропу, але і ўвесь сьвет, таксама ажыцьцяўляецца на самым высокім узроўні [46]. Такі падыход, паводле былога францускага міністра ўнутраных справаў Швэнэмана, пераўзыходзіць усе вядомыя практыкі, то бок любое зьвязанае з вайной выгнаньне, перасяленьне ці «абмен насельніцтвам» (які адбыўся на Індыйскім паўвостраве), ці папярэднюю палітыку Нямеччыны, скіраваную на тое, каб прывабіць некалькі мільёнаў этнічных немцаў з Расеі ды іншых постсавецкіх краінаў заклікамі «вярнуцца дадому». У гэтым выпадку міграцыйная палітыка ператвараецца ў найбольш значны працэс дэмаграфічнай палітыкі.

Для асэнсаваньня міграцыйнай і дэмаграфічнай палітыкі , у рэшце рэшт, неабходна мець на ўвазе ўрокі нацыстоўскае палітыкі стасоўна насельніцтва ў межах эўрапейскае прасторы – дзеля таго, каб зразумець канцэпцыю вартасьці насельніцтва, ягонага здароўя і прадукцыйнасьці [47], і, такім чынам, сувязь паміж генацыдам, голадам, выгнаньнем, кіраваньнем міграцыяй, сацыяльным пытаньнем, стратэгіямі разьвязаньня праблемаў стасоўна міграцыі, дэмаграфічнымі праблемамі і зусім не ўсеагульнай сацыяльнай эфэктыўнасьцю капіталістычных грамадзтваў [48]. Існуе трывожная раўнавага паміж тымі, каго дэпартуюць з Эўропы, гэта блізу 350 000 чалавек штогод плюс невядомая лічба тых, хто зьязджае добраахвотна цераз скіраваную супраць іх палітыку, і тымі, хто наймаецца на працу ў Эўропе па адной з схемаў для замежных працаўнікоў. У гэтым сьвятле міграцыйная палітыка стаецца спосабам весьці справы ‘UK plc’ ці ‘Deutschland AG’ [ix], і рэпрэзэнтуе стратэгію сацыяльнай інжынэрыі, скіраваную на тое, каб рацыяналізаваць і перакамбінаваць насельніцтва гэтых краінаў як працоўную сілу. Менавіта на тле транснацыянальнай прыроды міграцыйнае палітыкі і паўстае новая якасьць кантролю над міграцыяй.

І, урэшце, для таго, каб утрымліваць непажаданых (а гэта бальшыня насельніцтва ўсяго сьвету) па-за межамі, былі заснаваныя жорсткая глябальная сыстэма дэпартацыяў і высылкі, падкантрольныя ААН «зоны бясьпекі», лягеры для ўцекачоў і інтэрнаваных, ціхаакіянскія астравы-турмы, такія, як Наўру, і узброеная памежная ахова. Яны ёсьць характэрнымі для ХХІ стагодзьдзя сымбалямі няроўнасьці, несправядлівасьці ды палітыкі выключэньня. Зь іншага боку, заклікі зачыніць лягеры для затрыманых, спыніць дэпартацыі, рух «Нелегальных людзей не бывае», патрабаваньні ажыцьцявіць амністыю для «асобаў без дакумэнтаў» (sans papiers), зьнішчыць усялякія формы кантролю над іміграцыяй і адчыніць межы, як сьцьвярджаюць і актывісты, колькасьць якіх увесь час павялічваецца, і навукоўцы [49], – задаюць накірунак для адзінага слушнага шляху да глябальнай сацыяльнай справядлівасьці ды роўнасьці.

Гэты артыкул ёсьць падсумаваньнем шэрагу дасьледваньняў, зьмешчаных у:
Duvell, F. (рэд.) (2002): Die Globalisierung des Migrationsregimes. Materialien fur einen Neuen Antiimperialismus 7.
Бэрлін: Assoziation A

1. IOM (1995): Migration Information Programme – Transit Migration in Turkey.

2. Якое, паводле тэорыі справядлівасьці Роўлза, ёсьць другім у шэрагу «падставовых сацыяльных выгодаў». Гл. Rawls, J. (1971): A theory of justice, Оксфард: OUP.

3. Kennedy, P., Connelly, M. (1994): Must it be the rest against the west?, у: Atlantic Monthly, 12/1994, p. 61 – 91. Кенэдзі, прафэсар Елю і вайсковы экспэрт – прыхільнік мальтузіянства і прарок канцэпцыі дэмаграфічнага выбуху сярод насельніцтва краінаў трэцьцяга сьвету, гл. Kennedy, P. (1993): Preparing for the 21. century, Лондан: Random House.

4. Zolberg, A. (2001): Global migrants – global refugees, Нью-Ёрк: Berghahn.

5. Паводле аднаго з варыянтаў, яе вызначаюць як «не-вайсковую пагрозу бясьпецы», Pargeter, A. (2001) Italy and the Western Mediterranean, Working Paper 26/01, ESRC “One Europe or Several?” Programme. Лёндан: Centre for Defence Studies, King’s College.

6. Гл. да прыкладу International Organisation for Migration (IOM): Assisted Return Service, www.iom.int/new.htm, Siehe Sassen, S. (1996): Migranten, Siedler, Fluchtlinge, Frankfurt: Fischer, развагі аўтара ў Duvell, F. (2002): Die Globalisierung der Migrationskontrolle, у Duvell 2002, p. 45 – 168.
7. Stalker, P. (2000): Workers without frontiers, Лёндан: Rienner.
8. Macdonald, J.S. (1993): Agricultural organisation, migration, and labour militancy in rural Italy, у: Economic History Review, No. 16, p. 61 – 75.
9. Jordan, B., Duvell, F. ( 2003): Migration – Boundaries of Social Justice, Кэмбрыдж: Polity. Аднак дасьледваньне, прысьвечанае суб’ектнасьці мігрантаў, яшчэ толькі належыць зрабіць.
10. Sivanandan, A. (2000): Refugees from globalisation, у: CARF, no. 57.
11. Baumann, S. (2000): Globalisation – the human consequences, Кэмбрыдж: Polity.
12. Гл. Duvell (2002), калі ўлічваць міграцыю зь сельскае мясцовасьці ў гарады, міграцыю, зьвязаную зь пераходам мяжы, вымушаную міграцыю, рост «глябальных гарадоў» і надзвычайную ўнутраную міграцыю ў Кітаі.
13. YaBasta (2001): Breaking the walls of fortress Europe, Італія.
14. Kindleberger, C.P (1967): Europe’s post war growth – the role of labour supply, Кэмбрыдж, Масачусэтс: Harvard University Press, Sassen, S. (1991): Global Cities, Princeton and others.
15. Shrestha, N.R. (1987): International policies and migration behaviour: a selective review, у: World Development, Vol. 15, No. 3, p. 329 – 345.
16. European Commission (2001). On a Community Immigration Policy – Communication from the Commission to the Council and the European Parliament, Mr. Vitorino, Mrs Diamantopoulou”, COM 11.
17. Daily Telegraph, 4/9/2000.
18. Гл. www.un.org, www.fao.org, www.worldhunger.org.
19. Research Society Refuge and Migration (FFM), некалькі публікацыяў, да прыкладу Ukraine – Vor den Toren der Festung Europas, Бэрлін: Schwarze Risse.
20. Гл. http://europe.eu.int/comm/external_relations/asem/min_other_meeting/mig.htm.
21. Commission Staff Working Paper, (16.03.1998): EU action plan on influx of migrants from Iraq and the neighbouring region, SEC(1998) 466, Брусэль.
22. Гл. http://europa.eu.int/comm/development/cotonou/agreement_de.htm.
23. Да прыкладу WEU Ministerial Council: Luxembourg Declaration, Люксэмбург, 23.11.99 і некаторыя іншыя дакумэнты.
24. Да прыкладу Hollifield, J. F.(1998): Migration, Trade, and the Nation-State: The Myth of Globalization, у: Paper prepared for a conference on “Managing Migration in the 21st Century”, Гамбург, чэрвень 21-23, 1998.
25. Straubhaar, T. (2000): Why Do We Need a General Agreement on Movements of People (GAMP)? HWWA DISCUSSION PAPER 094 Hamburgisches Welt-Wirtschafts-Archiv (HWWA); гл. таксама Ghosh, B. (2000): Managing migration – time for a new international regime, Оксфард: OUP.
26. Bhagwati, J. (1998): A stream of windows, unsettling reflections and trade, immigration and democracy, Кэмбрыдж, Масачусэтс: MIT; Sassen, S. (2000): Immigration im Zeichen der Globalisierung – Ein neues Feld politischer Inhalte, у: Vorgange, No. 2, p. 3 – 13; Harris, N. (2002): Thinking the unthinkable – the immigration myth exposed, Лёндан: Tauris.
27. Гл. www.igc.ch, www.icmpd.org.
28. Больш дэталізаваная інфармацыя – www.iom.int; далейшая крытыка – www.noborder.org/IOM.
29. Трэба памятаць, што падчас гэтай канфэрэнцыі ўсе прадстаўнікі 32 урадаў, якія бралі ў ёй удзел, запэўнілі, што ня могуць прыняць уцекачоў-габрэяў зь Нямеччыны ды Аўстрыі. Асабліва Аўстралія выкарыстоўвала відавочныя антысэміцкія аргумэнты. Такая пазыцыя стасоўна немагчымасьці выратаваньня і заклала падмурак для «канчатковага разьвязаньня», – гл. Heim, S. (1993): “Deutschland muss ihnen ein Land ohne Zukunft sein – Die Zwangsemigration der Juden 1933 bis 1938, у: Beitrage zur nationalsozialistischen Gesundheits- und Sozialpolitik Nr. 11, Arbeitsmigration und Flucht, Бэрлін, p. 48 – 81.
30. Resolution to establish a Provisional Intergovernmental Committee for the Movement of Migrants from Europe (1951): Annex; Feldblum, M. (1999): Passage-Making and Service Creation in International Migration, Пасадэна: California Institute of Technology; The UNHCR at 50: State Pressures and Institutional Autonomy.
31. Да прыкладу, падчас канфэрэнцыі, прысьвечанай гандлю людзьмі, ў верасьні 2002 году ў Брусэлі, з 1000 удзельнікаў тыя, хто прадстаўлялі жанчын і арганізацыі працаўнікоў сэкс-індустрыі, фактычна ня мелі права голасу і скардзіліся на тое, што іхная роля была прыніжаная да ролі пасыўнай публікі.
32. Kawczynski, R./RNC (2001): Compensation German Fund and IOM, Гамбург 8.5.2001, у: www.romnews.com/a/32-01.html.
33. IOM (1995): Migration Information Program – irregular migration in Central Europe: the case of Afghan asylum seekers in Hungaria.
34. UN/Integrated Regional Information Network (IRIN), 30/9/2002.
35. Да прыкладу, IOM (1999): Migration in the CIS: 1997 – 1998.
36. Гл. www.no-racism.net, Festung Europa in der Offensive – Staatliche Fluchtlingsabwehr.
37. O’Rourke, Kevin H., and Jeffrey G. Williamson (1995): “Around the European Periphery 1870-1913: Globalization, Schooling and Growth”, NBER Working Paper 5392, Кэмбрыдж, Mасачусэтс: National Bureau of Economic Research.
38. Kenichi, O. (1999): The borderless world: power and strategy in the interlinked economy, Нью-Ёрк: Harper Business.
39. Harris (2002), op.cit.
40. Памылковасьць такіх спадзяваньняў яскрава даводзіць Сталкэр (2000).
41. OECD (1998): Open markets: The benefits of trade and investment liberalisation, Парыж; Trilateral Commission (1993): International migration challenges in a new era. Triangle paper 44, Нью-Ёрк.
42. Гл. да прыкладу Meillasoux, C. (1975): Femmes, greniers et capitaux, Парыж: Librairie Francoise Maspero.
43. Azzelini, D., Kanzleiter, B. (1999): Nach Norden, Бэрлін: Schwarze Risse.
44. Bauman (1998), op. cit.
45. The new German Immigration bill: restrictive and repressive, у: Statewatch, Vol. 11, No. 5 2001.
46. Guardian, 28.7.2000, Europe ‘should accept’ 75 m new migrants.
47. Гэты шэраг узаемазьвязаных паняткаў быў прааналізаваны ў Agamben, G. (1995): Homo Sacer. Il potere sovrano e la nuda vita, Турын: Giulio Einaudi.
48. Гл. Beitrage zur nationalsozialistischen Gesundheits- und Sozialpolitik Nr. 10 (1992): Modelle fur ein deutsches Europa – Okonomie und Herrschaft im Grosswirtschaftsraum, Бэрлін.
49. Да прыкладу, некаторыя такія арганізацыі: No Border, No One is illegal, GISTI, ILPA, ці некаторыя аўтары: Роўлз, Кэрэн (Caren), Гібні (Gibney), Коўлз (Coles), Хейтэр (Hayter), Бодэр (Bauder), Гарыс, Джордан, Дзювэль і г. д.

——————————————–
[i] (ад гішп. maquillar – зрабіць, сабраць) – прадпрыемствы свабоднага гандлю ў Мэксыцы і Цэнтральнай Амэрыцы, на якіх адбываецца зборка гатовых вырабаў на рээкспарт ў ЗША, краіну-пастаўляльніцу кампанэнтаў, якія ўвозяцца ў краіну-“зборачны цэх” у бязмытным рэжыме. Вызначаюцца нізкай аплатай працы, надзвычайнай эксплюатацыяй і бяспраўным станам працаўнікоў, калі іх часта звальняюць і наймаюць паўторна, з тым, каб не надаваць статуса сталых працаўнікоў.
[ii] Singapore-Jahor-Riau Growth Triangle – эканамічнае аб’яднаньне, у склад якога ўваходзяць Сынгапур, малайзійскі штат Джахор і інданэзійская правінцыя Рыаў
[iii] дакумэнт, які надае замежніку дазвол на сталае пражываньне і працу ў краіне
[iv] скароч. ад “Mercado Comun del Cono Sur” -агульная назва для наступных краінаў на поўдні Паўднёвае Амэрыкі: Аргентыны, Бразыліі, Парагвая і Ўругвая, якія ўтвараюць агульны рынак.
[v] скароч. ад “Asia-Europe Meeting”, “Азіяцка-Эўрапейскае пасяджэньне”.
[vi] Intergovernmental Consultations on Asylum, Refugees and Migration Policies (IGC)
[vii] International Centre for Migration Policy Development (ICMPD)
[viii] Рада эканамічнае узаемадапамогі (сацыялістычных краінаў Эўропы), міжурадавая эканамічная арганізацыя, якая існавала з 1949 па 1991гг. У ейна склад уваходзілі: Альбанія (да 1961 г.), Баўгарыя, Вугоршчына, Віетнам, Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка (да 1990 г.), Куба, Манголія, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславаччына.
[ix] то бок “публічная акцыянэрная кампанія з абмежаванай адказнасьцю Вялікая Брытанія” ды “акцыянэрнае таварыства Нямеччына”.


пераклад упершыню быў апублікаваны на сайце praunik.org
                                               пераклад з ангельскай Воля Мартыненка

Доктар Дзювэль: Беларусь ператворыцца ў краіну іміграцыі (Інтэрвію з Франкам Дзювэлем)


About kairos

Либертарный блог, инициированный для актуального анализа и критики современной ситуации в Беларуси и мире, площадка для культивирования альтернативных, неавторитарных подходов к политике, искусству и повседневной жизни.
This entry was posted in пераклады and tagged , . Bookmark the permalink.