Маркус Тэрмонен. Узаемасувязь паміж эўрапейскай працоўнай і міграцыйнай палітыкамі (Частка 1)

Перакладзена паводле тэксту, зьмешчанага на сайце: http://www.no-racism.net

 

Артыкул напісаны на аснове выступу аўтара 12 ліпеня 2004 году
ў No Border Camp, Іматра (Фінляндыя)
– адным зь міжнародных летнікаў, прысьвечаных праблемам мігрантаў, барацьбе
супраць межаў, за свабоднае перасоўваньне людзей (http://fi.noborder.org/).

 0) Уступ.

Гэта – ня вельмі падрабязная, хаця і досыць
доўгая прэзэнтацыя дадзенага пытаньня. Яна ёсьць усяго толькі спробай
усталяваць агульныя рамкі для абмеркаваньня ўзаемасувязі, што існуе паміж
працоўнай і міграцыйнай палітыкамі.

Найперш давайце зьвернемся да
дэклярацыі самаарганізаваных групаў мігрантаў, распрацаванай на Эўрапейскім
сацыяльным форуме ў Парыжы ў лістападзе 2003 г. Два першыя яе пункты
абвяшчаюць:

“1. Лічым неабходным
падкрэсьліць, што т.зв. “асобы без дакумэнтаў” (sans papiers) – гэта толькі
бачная вяршыня таго айсбэргу зьняпэўніваньня (прэкарызацыі), зь якім сутыкаюцца
ўсе мігранты, як зрэшты і іншыя работнікі.

2. Лічым неабходным
падкрэсьліць надзвычайную ролю асобаў без дакумэнтаў (sans papiers) у працэсе
рэструктурызацыі працоўнае сфэры шляхам ператварэньня агульнага становішча работнікаў
у больш ненадзейнае і нетрывалае”.

   Галоўная мэта гэтай прэзэнтацыі
– паспрабаваць глыбей асэнсаваць названыя аспэкты праблемы. Я засяроджу сваю
ўвагу пераважна на мігрантах, якія не зьяўляюцца грамадзянамі Эўразьвязу.
Праўда, ёсьць адно выключэньне, якое датычыцца працы ў новых
краінах-супольніцах ЭЗ і тамтэйшай сытуацыі, якія я разглядаю як адмысловы
выпадак эўрапейскае працоўнае палітыкі. Вядома, лічбы паказьнікаў міжнароднай
міграцыі паміж “старымі” краінамі-супольніцамі ЭЗ вельмі значныя, але яны яшчэ
ні пра што ня сьведчаць, бо ў большасьці выпадкаў становішча такога кшталту
мігрантаў на працоўным рынку ня горшае за становішча астатняга насельніцтва. А
што да працаўладкаваньня, дык іх пазыцыі нават лепшыя і яны часта займаюць
высокія пасады ў міжнародных карпарацыях і г. д.


                   

Таму важна не ўспрымаць
мігрантаў як аднародную групу, што мае выразныя агульныя рысы. Больш за тое,
слушна, што, калі статус мігранта натуралізаваны, то бок, калі ён/яна
атрымлівае грамадзянства — гэта зусім не абавязкова раўназначнае зьнікненьню
ўсіх тых праблемаў, зь якімі асоба сутыкалася як мігрант/мігрантка. Праблемы
прававога характару –- як то атрыманьня дазволу на жыхарства – вядома,
вырашаюцца, але ж застаюцца вельмі важныя і шматлікія праблемы, зьвязаныя з
дыскрымінацыяй меншасьцяў. Зразумела, што мы маем справу зь вельмі складанай
тэмай не ў апошнюю чаргу яшчэ і таму, што статыстычныя і заканадаўчыя
азначэньні “чужынца” ці “мігранта” ў розных краінах адрозьніваюцца, што
ўскладняе працэс параўнаньня. Таксама існуе і значнае пытаньне прававога
статусу, бо іміграцыйная палітыка і палітыка ў дачыненьні меншасьцяў супярэчаць
адна адной: калі першая нараджае дыскрымінацыю, напрыклад, ствараючы праблемы
для працаўнікоў-замежнікаў, ажыцьцяўленьне апошняй скіраванае супраць
дыскрымінацыі – яна абараняе тыя групы меншасьцяў, якія валодаюць прававым
статусам.

 Што значыць слова зьняпэўніваньне
(“прэкарызацыя”), якое згадваецца ў дэклярацыі? Калі казаць сьцісла, дык гэты
панятак адлюстроўвае ў сабе тыя зьмены, што адбыліся ў сфэры працы: тэндэнцыю
да ўсё больш нетрывалых, няпэўных, прыстасавальных відаў працы, павелічэньне
долі няпоўнай занятасьці, часовай працы і працы зь фіксаванымі тэрмінамі
занятасьці. Наагул, гэтыя зьмены насамрэч не зьяўляюцца вынікам нейкага
палітычнага рашэньня, а таму нельга казаць, што яны ёсьць рэзультатам
пасьлядоўнай працоўнай палітыкі дзяржаўнага кіраўніцтва. Хутчэй,
“зьняпэўніваньне” ёсьць прадуктам адначасова дынамікі рынку працоўнай сілы ды
трансфармацыяў у вытворчасьці, якія былі ў нейкай ступені падмацаваныя
адміністрацыйнай палітыкай.

Чаму так важна
ўбачыць узаемасувязь паміж працоўнай і міграцыйнай палітыкамі?
Чаму для нас так важна зразумець
міграцыйную палітыку менавіта як частку агульнай працоўнай палітыкі? Калі
казаць сьцісла, дык  перш за ўсё таму,
што праз ажыцьцяўленьне міграцыйнай палітыкі сёньня вызначаюцца новыя межы
грамадзянства (new borders of
citizenship)
. Гэтыя межы адпавядаюць новай этнічнай стратыфікацыі ды
гіерархізацыі працоўнай сфэры. Мігранты ўтвараюць сабой частку абстрактнага
рынкавага тавару – працы; адмысловую частку, чыя дзейнасьць у межах рынку
значным чынам адчувае на сабе ўплыў прававой палітыкі ў сфэры іміграцыі.
Разуменьне гэтага нам асабліва неабходнае, калі мы хочам высьветліць для сябе,
у чым палягае праблема абыходжаньня зь мігрантамі і загадваньня
(адміністраваньня) імі, бо шмат што можа быць вытлумачанае акурат з агульнай
працоўнай палітыкі. Таму недастаткова разглядаць міграцыю як выключна
“гуманітарную” праблему, у межах якой абавязак прымаць уцекачоў успрымаецца
перадусім як праява этычнага стаўленьня да людзей, ды назойліва дэкляруецца
неабходнасьць “талерантнага” стаўленьня да меншасьцяў.

 

1.)   
Галоўныя рысы цяперашняга
эўрапейскага памежнага рэжыму.

 Ніжэй я зьвярну ўвагу на асобныя моманты гэтай праблемы, дасьледаваныя Энрыкай Рыга ў яе пакуль не апублікаванай працыГрамадзяне і чужынцы ўзбуйненай Эўропы” [1], напісанай у лістападзе 2003 году ў European
University Institute
,
Флёрэнцыя.

  Дэбаты па пытаньні наданьня грамадзянства былі пазначаныя спаборніцтвам паміж традыцыйнай мадэльлю чалецтвамадэльлю выключэньня, заснаванай на прынцыпе нацыянальнасьці, і мадэльлю ўлучэньня, заснаванай на прынцыпе чалавечай асабістасьці (personhood). У
кантэксце Эўразьвязу, якому ўласьцівая больш складаная сістэма чалецтва, гэтая
дыхатамія ня можа быць выкарыстаная.

Падпісаньне Шэнгенскіх пагадненьняў, іх уваходжаньне ў склад Амстэрдамскай дамовы і працэс узбуйненьня ЭЗ пацягнулі за сабою структурныя зьмены ў рэжымах памежнага кантролю. Існуе агульнае меркаваньне, што кантроль проста
быў перасунуты з нацыянальных межаў на вонкавыя кардоны Эўрапейскага Зьвязу.
Але насамрэч сам панятак межаў зазнаў глыбокую трансфармацыю. Менавіта праз
зьмены ў памежных рэжымах адбылася дэлякалізацыя дзяржаўнай палітыкі, якая
ахапіла цяпер насельніцтва ды адрозных асобаў далёка па-за межамі тэрыторыяў
нацыянальных дзяржаваў ці тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу. У той жа час,
інтэрналізацыя межаў ёсьць вынікам дзейнасьці інстытуцыяў выключэньня і
затрыманьня чужынцаў.

 Эўрапейскія краіны значна палепшылі каардынацыю і
гарманізавалі свае палітыкі ў дачыненьні іміграцыі і наданьня прытулку з мэтаю
ўзмацненьня барацьбы зь нелегальнай іміграцыяй ды пераразьмеркаваньня абавязку
прымаць шукальнікаў прытулку. Два галоўныя інструмэнты краінаў-супольніц – прынцып
“бясьпечнай краіны” і “пагадненьні аб рэадмісіі”.

Прынцып “бясьпечнай
краіны”
быў прыняты краінамі-супольніцамі ЭЗ неўзабаве пасьля таго, як ён
быў прадстаўлены ў Канстытуцыі Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына ў 1993 г. Так,
усе краіны, што мяжуюць з ЭЗ, былі вызначаныя як “бясьпечныя”. Калі асоба, якая
шукае прытулку, прыехала з такой “бясьпечнай краіны”, ёй адмовяць ў дазволе на
прыезд і яна будзе сілком выдаленая з краіны.

“Пагадненьні аб рэадмісіі” (што абавязваюць краіну, зь якой паходзяць
ці праз якую ехалі нелегальныя мігранты, “прымаць” іх паўторна ў выпадку
дэпартацыі) – гэта юрыдычны інструмэнт, які фактычна дазваляе высылку чужынцаў
з тэрыторыі дзяржавы, а таму яны зьяўляюцца падставовымі для функцыянаваньня
палітыкі “бясьпечных краінаў”.

            Палітыка “бясьпечных
краінаў” прывяла да ператварэньня памежных з ЭЗ краінаў у “буфэрныя зоны” для
транзітнай міграцыі і знаходжаньня шукальнікаў прытулку. Зь юрыдычнага пункту
гледжаньня, “пагадненьні аб рэадмісіі” паўсталі ў выніку дэталізацыі больш агульных
дакумэнтаў. Напрыклад, яны ўрэгулявалі працэдуру вяртаньня грамадзянаў трэціх
краінаў у тую краіну-ўдзельніцу пагадненьня (яна завецца “трэцяй бясьпечнай
краінай”), куды яны прыехалі найперш, ці дзе яны заставаліся нелегальна перад
тым, як накіравацца ў іншую краіну-ўдзельніцу “пагадненьня аб рэадмісіі”.

            Межы
Эўропы не супадаюць ані зь межамі Эўрапейскага Зьвязу, ані зь межамі тых
краінаў, тэрыторыя якіх стане часткай ЭЗ па
cьля “хваляў”
узбуйненьня, якія пройдуць неўзабаве. “Пагадненьні аб рэадмісіі” – гэта сродкі
для ажыцьцяўленьня кантролю над перасоўваньнем насельніцтва. Зь іх дапамогай
былі заснаваныя адміністрацыйныя межы, функцыя якіх – не толькі не дазваляць
прыезд тым, каго лічаць “парушальнікамі межаў тэрытарыяльнага ўладаньня”, але
перадусім падпарадкаваць сабе насельніцтва адначасова ў межах і па-за межамі
дзяржаўнай тэрыторыі. Добрым прыкладам новага памежнага рэжыму зьяўляецца
апошні плян, прапанаваны ўрадам Вялікабрытаніі, які прадугледжвае перанос
цэнтраў затрыманьня чужынцаў за межы краінаў-супольніц ЭЗ.

       Санкцыі,
прадугледжаныя заканадаўствам у дачыненьні нелегальных мігрантаў, вызначаюць
прававыя ўмовы затрыманьня і высылкі чужынцаў. Да прыкладу, у Польшчы сам факт
нелегальнага прыезду ў краіну і нелегальнага пражываньня на ейнай тэрыторыі
цягне за сабою, па-першае, штраф у адпаведнасьці з крымінальным заканадаўствам,
па-другое, адміністрацыйную працэдуру, вынікам якой можа стацца фактычнае
пакараньне – утрыманьне пад арыштам на працягу аднаго году.
То бок, сур’ёзнае абмежаваньне
асабістай свабоды заснаванае на адміністрацыйнай, а не карнай працэдуры. Гэтыя
нормы ёсьць прыкметай узмацненьня сувязі паміж карнымі ўстановамі і
адміністрацыйнымі працэдурамі стасоўна чужынцаў. Гэты працэс, які быў
вызначальным для эвалюцыі міграцыйнага заканадаўства краінаў-супольніц, цяпер
уплывае на заканадаўства іншых краінаў-кандыдатак.

 

2.)   
Асобныя аспэкты становішча
нелегальных мігрантаў на рынку працы ЭЗ.

  Узмацненьне жорсткасьці
палітыкі стасоўна наданьня прытулку і міграцыі спрычынілася да сітуацыі, калі шматлікія
мігранты, якім неабходная абарона, разглядаюць нелегальнае пражываньне як
найлепшы для сябе варыянт. Гэтым людзям здаецца, што лепш наагул унікаць любых
кантактаў з уладамі, бо верагоднасьць атрымаць прытулак усё роўна надта малая.
Калі вынікам спробаў атрымаць статус уцекача хутчэй за ўсё стане высылка, дык
выбар процізаконнага шляху, прынамсі, дае чалавеку нейкі шанец застацца ў
краіне. Надзвычай складана вызначыць, якая колькасьць нелегальных мігрантаў у
Эўропе мае падставы для атрыманьня прытулку ў адпаведнасьці з новымі юрыдычнымі
нормамі, бо такой статыстыкі, зразумела, не існуе.

Калі мы разгледзім становішча нелегальных мігрантаў на рынку
працы, відавочна, што іх сітуацыя найбольш нетрывалая і няпэўная. Яны ў значнай
ступені безабаронныя перад эксплюатацыяй, бо ня маюць вялікага выбару.
Наймальнікам вельмі лёгка “шантажаваць” нелегальных мігрантаў, каб прымусіць іх
згадзіцца на горшыя ўмовы працы ў тым, што датычыцца заробкаў, бясьпекі, часу
працы і г.д. Да таго ж, гаворка ідзе пра неафіцыйны сэктар эканомікі, а таму
звычайныя выгоды, даступныя іншым працоўным, напрыклад, паслугі аховы здароўя
ці адпачынак у сьвяточныя дні – недасягальныя для нелегальных мігрантаў. Аднак
існуюць значныя адрозьненьні паміж групамі мігрантаў з розных асяродкаў у межах
адной краіны, што залежаць ад характару занятасьці, а таксама паміж рознымі
краінамі, залежныя ад таго, якія існуюць магчымасьці неафіцыйнага
працаўладкаваньня. Найбольш экстрэмальнымі зьяўляюцца тыя выпадкі, калі
мігранты працуюць як нявольнікі, каб заплаціць кантрабандыстам за дарогу.

Нелегальнае працаўладкаваньне надзвычай тыповае для пэўных
сэктараў эканомікі, напрыклад, сельскай гаспадаркі, сфэры бытавых паслугаў і
будаўніцтва. Буйныя памеры занятасьці ў неафіцыйным сэктары сярод імігрантаў у
Паўднёвай Эўропе – гэта адлюстраваньне значнасьці сельскагаспадарчага сэктару ў
гэтых краінах, асабліва ў некаторых рэгіёнах (да прыкладу, у Паўднёвай Італіі,
Андалузіі, Паўночнай Грэцыі), дзе яна надзвычай пашыраная як сэзонная зьява. Ня
дзіва, што надзвычай шматлікія нелегальныя мігранты сталі натуралізаванымі ў
такой краіне, як Гішпанія, якая ў гэты ж час ажыцьцяўляе барацьбу зь
нелегальнай міграцыяй.

Прыкладам
загадваньня (
management) нелегальнай
працоўнай сілай у Эўропе можа быць італьянскае заканадаўства: калі мігрант
падпісвае афіцыйны працоўны кантракт, ён/яна аўтаматычна атрымлівае дазвол на
пражываньне. То бок, калі праца абвяшчаецца ўмовай прыналежнасьці да
супольнасьці, то адначасова з гэтым прызнаецца наяўнасьць патрэбы ў працоўнай
сіле нелегальных мігрантаў. Для мігранта такая магчымасьць, вядома, ёсьць
часткова пазытыўнай зьявай, але ж гэта таксама і яўны прыклад эксплюатацыі,
якая вымушае яго/яе згаджацца на любую працу, абы атрымаць дазвол на
пражываньне. Да таго ж, калі аднаўленьне дазволу на пражываньне прывязанае да
дзейнасьці на рынку працы, то бок, калі ў ягоным аднаўленьні чалавеку
адмаўляюць у выпадку беспрацоўя, то гэта будзе прымушаць мігрантаў хутчэй
абіраць працяглае існаваньне на нелегальным становішчы, чым ненадзейнасьць
кароткага дазволу на пражываньне ды афіцыйнага статусу.

У пэўных краінах (напрыклад, у Гішпаніі і Францыі)
нелегальных імігрантаў сяк-так падтрымліваюць прафсаюзы. Аднак іх стаўленьне да
працаўнікоў без дакумэнтаў даволі супярэчлівае, бо мэта прафсаюзаў – гэта захаваньне
і пашырэньне сацыяльных правоў, прывязаных да афіцыйнага працаўладкаваньня.

 Дзейнасьць цэнтраў затрыманьня таксама трэба разумець у
кантэксце палітыкі рынку працоўнай сілы. Цэнтры затрыманьня служаць для
канцэнтрацыі “лішку працоўнай сілы”, і зьмяншаюць, такім чынам, напругу на
рынку працы. Гэтыя месцы ўяўляюць сабой іншае аблічча новай гнуткасьці
капіталізму: яны ёсьць канкрэтнымі месцамі дзяржаўнага прыгнёту і адначасова
агульнай мэтафарай дэспатычнай тэндэнцыі кантраляваць мабільнасьць працоўнай сілы.
                                                                                

 

About kairos

Либертарный блог, инициированный для актуального анализа и критики современной ситуации в Беларуси и мире, площадка для культивирования альтернативных, неавторитарных подходов к политике, искусству и повседневной жизни.
This entry was posted in пераклады and tagged , . Bookmark the permalink.