19 ÐÑ, 2008

Ева Астроўская. Чарнобыль. Вішні

Мой узрост вымяраецца адлегласцю ад Таго Дня. Мо выпадкова, Чарнобыль маладзейшы за мяне на 6 год, ён паўмерак, недамерак, не дарос і наўрад ці калі дарасце. Шэсць год – дыстанцыя, якая гарантуе позірк. Для мяне ж адлегласць у часе пастаянна і немінуча змяняецца - над ранаю памяці павольна сцягваюцца шрамы. Я з 4-ай зоны. Чарнобыльскі вожык, дзіцё-ахвяра-аварыі, Tschernobylskind – на ўсё гэта я ўжо забылася, намацваю ў сабе, быццам старыя калючкі, яны заселі глыбока, паўрасталі, гады, час ужо іх выцягнуць, толькі кроў у вушах – ці гэта комп перагрэўся? – і словаў не стае.

У гадавіну катастрофы СМІ збольшага маўчаць: Вялікдзень-дэпутатка-з-каровай-ман’які-Пуцін-футбол-Арсенал. За гулам вобразаў з ідэальнага жыцця вечна гладкіх ног прыходіць разуменне: Чарнобыль болей не падзея. Баба Нюра вярнулася ў сваю вёску, для турыстаў пабудуюць гатэль, магільнікі-рэактары чвыркаюць грашыма. Я – жыву. І ведаю пра немагчымае: дзяцей-мутантаў, прамянёвую хваробу, генныя трансфармацыі, пухліны, цыкл распаду цэзію. Ха! Я не ведаю нічога – пасярод вербальна-ідыятычных формаў не стае адпаведніка жаху, хіба што пафасная банальнасць папоў і пустыя гукі медыцыны. Чаму мне трэба пра гэта казаць? Я ж жыву...

Мне шэсць год. Дзень нудны, павольна разгортваю затхлае паверта, сланечнік ўжо па калена, мутарна. Праз шэры туман памяці бягу да таты – ён вунь, на ўзгорку, трохі нападпітку. Татка!!! так рана з працы?! Шчасце. Нешта здарылася, самалёты, на працы налівалі па сто грам – гэта быццам бы дапамагае. Некалькі бясконцых дзён сяджу ў хаце, за сценамі – бэээ, як добра заплюшчыць вочы, яе бачна – радыяцыю, дробненькія шэрыя шалупінкі, яна празрыстая, а я яе бачу. Спрабую ёю не дыхаць. Сяброўка тырыць мае цацкі, але выперці яе на двор немагчыма, лепш бы садок не зачынялі. З вакна таксоўкі – пустыя шырокія ходнікі горада, гэта Кіеў? Глядзі, дзяцей зусім няма. Мама. Самалёт, унізе прыгожа, там мядзведзі – гэта ж Урал, тут памёр Чапаеў. Холадна. Спім чацвёра на адной канапе, пяты паверх, дзецца няма куды. Я тут – хахолка. Не ведаю, што гэта такое. Мясцовыя дзеці са мной не гуляюць, адзін хлопец кінуў у мяне камень, я хацела яго пабіць, але ягоная маці ўзяла яго за руку і хутка павяла прэч. Ходзім з мамаю ў кіно, марозіва ў кардонных стаканчыках, увесь час цячэ, не паспееш яго адкрыць – і ўжо заляпалася. Усе прыстаюць, што я худая, у цёткі дзве лядоўні, але мне падабаецца толькі шыпучка. У серванце паставіла татава фота – няхай глядзіць толькі на мяне! Адной раніцай кажу, што кінуся з балкона, калі мы не паедзем дадому. Мяне бяруць на жарты. На выходныя ўсе ідуць на прыроду, п’юць, збіраюць суніцы для сына маёй цёці і толькі мая маці – для мяне. У залі чакання вельмі шумна, спякотна, незразумелыя чэргі. Раптам разумею, што дзіка хачу есці. Сяджу на сумцы і жую, навокал людзі, мне не страшна. Побач нейкая жанчына корміць свайго сына вішнямі. Адчуваю ў горле нейкія незразумелыя і дужа дарослыя слёзы, заядаю іх курыцай. Прыязджаем дадому позна ўночы. Бацька глядзіць футбол, суніцы ўжо адыйшлі, затое амаль паспелі вішні. Я жыву!!!

Школа: людзі, стасункі, непаслухмяныя пальцы, праклятыя гузікі, быць не горшаю, стаць лепшаю... сярод турботаў і трывогаў новага жыцця сеціва незразумелых словаў: саркафаг, белакроўе, рак. У школе пра гэта не гавораць, толькі дома, выхопваю ўрыўкі чужога страху. Містычная гучнасць словаў разліваецца па скуры хтанічным захватам: гісторыі пра тое, як паміраюць ліквідатары, чатырохногія кураняты, міфічны Вялікі Шлях – дарога-бетонка, па якой на зону возяць прадукты і пясок, а адтуль – абсталяванне і людзей. Калёсы машын ніхто не мые. Нейкі час баюся аблысець, як дзяўчынка ў навінах ці хлопчык з суседняга класа. Узровень радыяцыі на маёй вуліцы ўсё яшчэ высокі, але потым норму падвысілі, і радыяцыя стала нармальная. Пасля цэлага дня “Лебядзінага возера” па ўсіх каналах палітінфармацыю скасавалі. Хаос, купоны, беднасць, бязглуздзіца акцябратаў. Чарнобыль афіцыйна прызнаны асноваю нашай ідэнтычнасці: мы – ахвяры. Колькі рокаў жыву пад знакам сусветнай скрухі, нават пішу вершы, слабенькія і пафасныя. Штогадовы школьны канцэрт да дня катастрофы: мы ў рэспіратарах і халатах, голас дрыжыць, чамусьці спяваем песню пра Афган, ўсе расчуліся. Паступова зноў пачынаем збіраць ягады ды грыбы. 130 год – гэта замнога, да таго ж, ямо вунь бульбу з агароду, і нічога. Пра наступствы намагаюся не думаць. Бадзёрыя нямецкія пенсіянеры спагадліва гладзяць усіх па галоўцы, дораць ношанае шмаццё і дойчмаркі. Дружна прыбядняемся; раптам пачынаю пранікнёна шкадаваць пра сваё змарнаванае дзяцінства; чытаю Шаўчэнку. Некалі за ўсё гэта стане сорамна.

ІІ курс, абавязковая акцыя – наведванне музея Чарнобыля. Выхавальны захад №!. Пажар, рэактар, на стужцы людзі, якія даўно сканалі ад малакроўя ці прамянёвай хваробы. Іхныя ўсмешкі на камеру. Пустыя вёскі. Дзеці-пачвары. Экскурсаводка ўсхваляваным магнітафонам распавядае пра нашую Трагічную Веліч: мы нацыя мутантаў, двухгаловых-цялятаў-чатырохлапых-куранятаў, маем, чым ганарыцца – героямі каля рэактара, целамі сваімі аплацілі яны нашую будучыню, жыццё Еўропы! Голас захлынаецца ад пафасу, мужны Пажарны з мадэлькаю рэактара ў руках ветліва ўсміхаецца: Прыязджайце яшчэ! Кожныя 10 хвілінаў на версе мадэлькі загараецца чырвоная лямпачка, шматкі рэактара арганізавана раз’язджаюцца ў бакі, тады Пажарны пальцам левай рукі вяртае іх назад і прыкрывае далонню. Гэтым людзям не сказалі, што яны ідуць на смерць!

Нацыя пакацігарошкаў-сталкераў цудоўна развіваецца ў целе новага аўтаміфа: ад бацькі-Багдана і Наташы – найлепшай з еўрапейскіх прастытутак – да памаранчавай еднасці залатакосых матуляў. Нацміф, улагоджаны ўласнай банальнасцю, дайшоў да ідэі развіцця: чарнобыльскі боль пагрузілі ў вобраз Аўроры – чалавека і парахода, - расфасавалі і утылізавалі ў нетрах меладраматычнай амерыканскай душы. Гістарызацыя прайшла паспяхова. За бартом засталіся некалькі сотняў тысячаў тых, хто навучыўся граць у бліц-латарэю саркомнай смерці і насіць яе ў сабе. Кошт жыцця – 1 грн. 60 кап. у месяц (законная даплата на “чыстае харчаванне”). Ільготы: ранняя пенсія і беззабароннае пашырэнне могілкаў для зруйнаваных костак і жорстка парэзаных маціцаў. Прастор, прыдатны для жыцця. Небяспека лакалізвананая ў целах тых-хто-тады-вярнуўся. Проста не ешце грыбоў і лясных ягад – іх мы вязем у Кіеў, гараджане бяруць. Тым, хто супраціўляецца, прапануем паркет з нашых лясоў; сталярка, каму сталярка, дошка-вагонка, рэйкі, планкі, сырок, свежая рыбка, - крывіць твар нячысцік Чарнобылю, алтар ахвярнасці, галоўны трыксцер Украіны. Мы нікога не падманваем, чарніцы падаўжаюць жыццё вашых вачэй.
Дзесяць год жыцця ў іншым месцы. У якой складцы шчырасці, затхлай без паветра, застаюся я? Адчужаная ад уласнай гісторыі спекулятыўнай гаворкай меладрамы і дзіва, я больш не маю словаў. Пустую галаву цягне кроў. Мне зноўку шэсць год, я ведаю, што мяне чакае: нудны запылены дзень, звесткі ні пра што, страх і адчужэнне, дзяцінства пад знакам пафаснага спачування да сябе самой. Перакласці адказнасць на ўрад – што яны, праклятыя, з намі робяць. Дэманізаваць Чарнобыль. Адной страшнай ноччу ў пакутах зразумець сэнс выразу невылечная хвароба, ужытага да тваіх родных. Навучыцца не трымцець ад болю. Закусіць губу і ісці праз іх надта раннюю старасць і боль, і самае страшнае – надзею. Ігнараваць дэталі.

Мне дваццаць шэсць год. Я прыязджаю дадому і ем вішні з дрэва, пасаджанага ў год майго нараджэння. Я жыву.


                                                                                                      пераклад з украінскай Волі Мартыненкі

арыгінал артыкула:
http://prostory.net.ua/ru/articles/4-articles/66-2008-08-15-17-50-16
Комментарии
Добавить комментарий













authimage


Bold Italic Link