Чым Вы займаліся перад тым, як агенты Масаду выкралі Вас у Рыме ў кастрычніку 1986 г.?
Дзевяць год я быў інжынерам у ізраільскім цэнтры вытворчасці зброі ў Дзімоне (на поўдні пустыні Негеў). Незадоўга перад звальненнем, у 1986 г., я зрабіў фатаграфіі ўнутры цэнтра. Я хацеў паказаць свету, што Ізраіль хавае ад міжнароднай грамадскасці ядзерную зброю. У Дзімоне я працаваў над стварэннем радыёактыўных элементаў, прызначаных для вырабу атамных бомбаў. Я дакладна ведаў, якая колькасць прадуктаў дзялення была выраблена, якія дзеля гэтага ўжылі рэчывы і які від бомбаў паўстаў у выніку.
У адзіночку паказаць свету, што Вашая краіна таемна валодала ядзернай зброяй… Ці не было гэта занадта вялікай рызыкай?
Я вырашыў зрабіць гэта, бо ізраільскія ўлады хлусілі. Направа і налева паўтаралі, што не мелі ніякага намеру валодаць ядзернай зброяй. У сапраўднасці Ізраіль вырабляў шмат радыёактыўных рэчываў, якія маглі служыць толькі адной мэце: стварэнню атамных бомбаў. Гаворка вядзецца пра значныя колькасці: ўжо тады, у 1986 г., я падлічыў, што звыш 200 бомб было гатова да прымянення. У той час распачалі вытворчасць магутных вадародных бомбаў. Я вырашыў зрабіць усё гэта яўным. Хацеў перашкодзіць Ізраілю, не дапусціць ядзернай вайны на Бліжнім Усходзе. Я прагнуў спрычыніцца да міру ў гэтым рэгіёне: ў Ізраіля ўжо не было ніякай нагоды баяцца палестынскай ці наогул арабскай небяспекі, бо краіна мела ўсе неабходныя канвенцыйныя віды зброі, каб запэўніць сваё існаванне.
(Сёння, паводле розных ацэнак, Ізраіль валодае ад 150 да 800 тэрмаядзерных бомбаў і разнастайнымі сродкамі дастаўкі, каб ужыць такую зброю ў любым рэгіёне свету. Апрача таго, Ізраіль мае тактычную ядзерную зброю: сотні нейтронных бомбаў, ядзерныя артылерыйскія снарады, ядзерныя міны і г. д. – заўвага польскага рэдактара.)
Вы турбаваліся пра цэлы рэгіён?
Так. Відавочна я рабіў гэта не дзеля ізраільцян. Яны выбралі такі ўрад і ўрад пастанавіў забяспечыць іх ядзернай зброяй. Ведаеце… Ізраільцяне звычайна падтрымліваюць пачынанні свайго ўраду. Але, калі казаць пра мяне, то я пачаў глядзець на рэчы з агульначалавечага пункту гледжання, з пункту гледжання людзей на Блізкім Усходзе і ў свеце. Паколькі Ізраіль зрабіў так, то іншыя краіны таксама маглі зрабіць. Я лічу, што зрабіў яўным існаванне ізраільскай ядзернай зброі ў інтарэсах чалавецтва. У 1986 г. яшчэ працягвалася халодная вайна і ядзерная зброя распаўсюджвалася ў краінах, якія датуль не былі магутнымі, напрыклад, у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Цяпер тая небяспека зменшылася.
Ці ведалі Вы, што Вам пагражала? Чаму Вы пайшлі на такую рызыку?
Вядома, я разумеў, на якую рызыку іду. Але я таксама ведаў, што апрача мяне ніхто не мог гэта зрабіць. Я ведаў, што сутыкнуся з ізраільскім урадам. Што ж, мова ішла не пра нейкія прыватныя справы, а пра справы габрэйскай дзяржавы Ізраіль. Я падазраваў, што мяне захочуць пакараць, могуць забіць, могуць зрабіць са мной, што захочуць. Але маім абавязкам як чалавека было распавесці праўду. Ні ў каго іншага не было магчымасці гэта зрабіць, і менавіта я мусіў выканаць абавязак, нягледзячы на рызыку.
Ці падтрымала Вас сям’я?
Мая сям’я не была ў стане зразумець маё рашэнне. Для сваякоў найгоршай была вестка, што я перайшоў у хрысціянства. Гэта для іх было больш балючым, чым адкрыццё атамных таямніц Ізраілю… Я шаную іх, а яны шануюць маё жыццё. Нашы адносіны нармальныя, але мы не сустракаемся.
У якіх варунках Вас судзілі і зняволілі?
Мой працэс быў таемны. Мяне прызналі вінаватым у шпіянажы і здрадзе. Ужо падчас працэсу мяне цалкам ізалявалі, я сядзеў адзін. Ізраільскія ўлады нікому не дазволілі мяне наведаць, ані паразмаўляць са мной. Мне забаранілі звяртацца да медыяў, якія публікавалі несусветную хлусню пра мяне. Ізраільскі ўрад выкарыстаў усе магчымыя сродкі, каб затлуміць галовы людзям. Грамадскае меркаванне было пераканана, што я – шпіён, здрайца, злачынца. У гэтым не было ані каліва праўды. Аднак найгорш было пасля працэсу. Мяне пакаралі не толькі вязніцай, але і поўнай ізаляцыяй, і пастаянным наглядам, а таксама іншымі бязлітаснымі сродкамі: яны хацелі, каб я пашкадаваў пра свой учынак. Ніхто не мог даведацца, дзе мяне ўтрымлівалі. Цягам тых васемнаццаці гадоў адзінаццаць з паловай я прасядзеў у поўнай ізаляцыі. У маёй камеры ўсталявалі відэанагляд, святло было ўключана тры гады без перапынку, мяне пастаянна збівалі, не давалі спаць. Са мной паступалі па-барбарску, бо хацелі зламіць. Маёй мэтай было выжыць. Мне ўдалося.
Вас не павесілі, як хацеў тагачасны міністр юстыцыі Томі Лапід. Вы вытрымалі, і Вас вызвалілі 21 красавіка 2004 года, калі Вам ужо споўнілася 50.
Мяне вызвалілі, бо я адбыў 18 гадоў, на якія мяне прысудзілі. Так, мяне хацелі забіць, але ўрэшце ўрад пастанавіў іначай.
У красавіку мінулага году тэлеканалы паказалі Ваша вызваленне са зняволення. Усе чакалі пабачыць хутчэй прыгнечанага чалавека, а Вы былі шчаслівы, рашучы, я б нават сказала – адважны…
Выйсці з вязніцы, мець магчымасць размаўляць з людзьмі, святкаваць – гэта… пасля васемнаццаці гадоў, калі мне ўсё было забаронена… гэта была вялікая хвіліна для мяне.
Такім чынам, Вас не ўдалося зламаць псіхічна…
Не. Маёй мэтай было выйсці і прамаўляць. Я мусіў вытрымаць, каб давесці ўраду, што ён прайграў. Маёй мэтай было выжыць: і гэта я лічу сваім найвялікшым дасягненнем. Яны мяне схапілі і трымалі ў таемным зняволенні 18 год… А я выжыў. Вядома, пакутваў, але выжыў. Нягледзячы на ўсе іх захады я яшчэ жывы і нават у добрым здароўі.
Што Вам цяпер найбольш назаляе?
Мне забаронена пакідаць межы Ізраіля. Мяне выпусцілі з турмы, але для мяне цяпер Ізраіль ёсць толькі большай турмой. Я хацеў бы адсюль выехаць, скарыстацца свабодай. Не хачу больш трываць ізраільскую ўладу. Вайскоўцы могуць арыштаваць і пакараць мяне ў любы момант. Я прадастаўлены іх ласцы. Мару пра жыццё далёка адсюль…
Калі Ізраіль дазволіць Вам выехаць?
Не маю ніякага паняцця. Спярша забаранілі на год. Калі прайшоў год, працягнулі яшчэ на год, які скончыцца ў красавіку 2006 г. Могуць працягваць забарону колькі заўгодна.
Што Вы думаеце пра Дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі? Ізраілю выбачаюць “ядзерную амбівалентнасць”, затое аказваецца пастаянны націск на Іран, краіну, якая дазваляе праводзіць у сябе інспекцыі.
(“Ядзерная амбівалентнасць” – дыпламатычны тэрмін, які абазначае, што Ізраіль не прызнае і не адмаўляе афіцыйна наяўнасць у сябе ядзернай зброі. Робіцца гэта ў тым ліку і дзеля таго, каб працягваць атрымліваць ваенную і іншую дапамогу ад ЗША ў памеры больш за 2 міліярды даляраў штогод. Паводле амерыканскага заканадаўства нельга прадастаўляць дапамогу краіне, якая незаконна валодае зброяй масавага знішчэння – заўвага беларускага перакладчыка.)
Кожная краіна, павінна дазволіць правядзенне ў сябе міжнародных інспекцый і распавесці праўду пра тое, што робіць. Ізраіль адмовіўся ад падпісання Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Амаль 180 краін яе падпісала, у тым ліку ўсе арабскія краіны. Егіпет, Сірыя, Ліван, Ірак, Ярданія… Усе суседзі Ізраіля адкрытыя для інспекцый МАГАТЭ. Толькі не Ізраіль. ЗША і Еўропа павінны гэта ўрэгуляваць, змусіць яго да падпісання Дамовы. Інспектары МАГАТЭ павінны мець доступ да цэнтру ў Дзімоне.
Ірану пагражаюць санкцыі, хаця ён і выконвае свае абавязкі і дапускае інспекцыі ААН. Ізраілю нічога не пагражае, хаця ён валодае ядзернай зброяй масавага знішчэння і не пагаджаецца ні на якія інспекцыі. Адкуль, па-вашаму, бярэцца такая цярплівасць з боку Злучаных Штатаў і Еўропы?
Насамрэч справы яшчэ горш. Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія працягваюць дапамагаць Ізраілю развіваць ядзерны патэнцыял. Ім трэба ўзмацняць каланіяльную дзяржаву ў арабскім свеце. Ізраіль служыць ім дзеля кантролю Бліжняга Ўсходу, дазваляе кантраляваць прыбыткі з нафты і адначасна пазбаўляць арабскія краіны шанцаў на развіццё.
Але хіба Іран не ўяўляе пагрозы, як цвердзяць Злучаныя Штаты?
Паколькі Іран падвяргаецца інспекцыям МАГАТЭ, то не ўяўляе пагрозы. Заходнія эксперты дасканала ведаюць прыроду іранскай атамнай праграмы. Цяпер Іран кажа: “Як вы можаце вымагаць ад нас большай адкрытасці, калі заплюшчваеце вочы на тое, што робіць Ізраіль?” Усе ведаюць, што ў Ізраіля ёсць атамныя бомбы, але ніхто не наважваецца нічога зрабіць у гэтай справе. А пакуль свет будзе згаджацца з ізраільскай ядзернай зброяй, няможна націскаць на Іран. Калі свет сапраўды ёсць заклапочаны, калі сапраўды хоча скончыць распаўсюд ядзернай зброі, спачатку мусіць узяцца за Ізраіль!
Пэўна, Вас абурае, калі Ізраіль пагражае бамбардаваннем Ірану, які пакуль не парушаў міжнароднага права?
Зразумела, гэта мяне злуе. Нам няма ў чым абвінавачваць Іран. Увесь арабскі свет, мусіць, дужа неспакойны, калі чуе нападкі на Іран, пры тым што Іран не мае ядзернай зброі, а наяўнасць такой у Ізраілі ігнаруецца.
Якія дзяржавы ўзаемадзейнічалі з Ізраілем?
Ізраіль дапамог Францыі і Вялікай Брытаніі ў іх вайне супраць Егіпта ў 1956 г. Дапамога ў заснаванні цэнтру ў Дзімоне была формай падзякі за супрацу Ізраіля ў Суэцкай аперацыі.
А Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (ПАР) да 1991 г.?
Таксама. У іх пустынях Ізраіль праводзіў пробныя выбухі.
Ёсць меркаванне, што ў 60-х гадах прэзідэнт Кенэдзі патрабаваў правядзення інспекцыі ў Дзімоне. Як Вы лічыце, ці мела гэта сувязь з яго забойствам?
Такога нельга выключаць. У часе прэзідэнцтва Кенэдзі ЗША былі супраць ізраільскай атамнай праграмы. Кенэдзі спрабаваў прытрымаць Ізраіль, але не здужаў. На маю думку, матыў забойства Кенэдзі звязаны з вытворчасцю ядзернай зброі ў Ізраілі ды іншых краінах. Яго забілі людзі, прыхільныя да “кантраляванага” Злучанымі Штатамі распаўсюду ядзернай зброі. Дзякуючы знішчэнню перашкоды ў асобе Кенэдзі распаўсюд мог працягвацца. Джонсан і Ніксан, прэзідэнты ЗША пасля Кенэдзі, не бачылі ў гэтым нічога пагрозлівага, яны дазволілі Ізраілю (і ПАР) будаваць свае бомбы. У любым выпадку, змена падыходу да гэтай праблемы адбылася адразу пасля забойства.
(Пасля звяржэння апартэіда Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка знішчыла сваю ядзерную зброі і далучылася да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі – заўвага польскага рэдактара.)
У 50-я гады Ізраіль ужо меў магутнае ўзбраенне. Адкуль з’явілася такая прага да валодання ядзернай зброяй?
Такая малая дзяржава, як Ізраіль, не мае ніякай рацыянальнай прычыны валодаць такім вялікім ядзерным арсеналам. Відаць, гэтая праграма стала для ўрадоўцаў ідэяй-фікс, бо ў любым выпадку ў рэгіёне немагчыма выкарыстаць ядзерную зброю: кожная бомба, ужытая супраць Сірыі, Егіпта ці Ярданіі, мела б гэткае моцнае радыеактыўнае ўздзеянне, што і ў Ізраілі жыццё таксама стала б фактычна немагчымым. Пакуль што ізраільцяне не маюць права абмяркоўваць гэта нават паміж сабой, але магу Вас запэўніць: праблема сядзіць у іх галовах. А ўрад адмаўляецца выказвацца па такой падставовай праблеме.
Можа, менавіта тая зброя дазваляе Ізраілю падтрымліваць status quo? Можа, яна дазваляе яму размаўляць на роўных з вялікімі дзяржавамі, на чале са Злучанымі Штатамі, і не саступаць арабам, нашмат слабейшымі ў ваенным плане?
Так. Габрэйская дзяржава ўжывае сілу сваёй ядзернай зброі як палітычны аргумент. Дзякуючы сваёй грубай сіле Ізраіль палітычна нішчыць ўсіх сваіх суседзяў. Нават ЗША – нават яны! – не ў стане як-небудзь уплываць на Ізраіль. Сёння і Еўропа бачыць, якой дзяржавай ёсць Ізраіль. Цяпер нават без прымянення бомбаў, нават без аніводнай выразнай пагрозы, ізраільцяне могуць рабіць, што хочуць: могуць будаваць цалкам незаконны мур, канфіскоўваць чужыя землі і засноўваць чарговыя калоніі. Усе баяцца гэтаму супрацьстаяць, бо Ізраіль з’яўляецца ваеннай сілай сусветнага маштабу. Гэта вынік выкарыстання зброі масавага знішчэння ў мэтах палітычнага шантажу. Бо ізраільцяне могуць прымяніць ядзерную зброю супраць любой краіны, якая захоча ўстрымаць агрэсіўную палітыку ў дачыненні да палестынцаў. Вось так гэта выглядае, і ўсе ўрады свету ведаюць гэта. Што мы можам зрабіць? Казаць людзям праўду, настойваць на правядзенні інспекцыі, ажно пакуль Ізраіль не адмовіцца ад гэтай зброі.
Ці праўда, што падчас вайны 1973 года Ізраіль хацеў ужыць ядзерную зброю?
Так, у 1973 годзе Ізраіль быў гатовы ўжыць ядзерную зброю супраць Сірыі ды Егіпта.
Вы моцна пакутвалі за тое, што разгаласілі дзяржаўную тайну. У чым быў сэнс Вашага ўчынка?
Перадусім, свет цяпер мае доказы таго, што Ізраіль валодае ядзернай зброяй. Ніхто ўжо не можа аспрэчваць гэтую праўду. Іншы вынік маёй дзейнасці: свет зразумеў, што малая габрэйская дзяржава рабіла ў таямніцы. Свет адкрыў, на якой хлусні, на якой дэзынфармацыі збудавана гэта дзяржава. Усведамленне, што такая малая краіна магла ў таямніцы вырабіць дзвесце атамных бомбаў, дазволіла звярнуць увагу грамадскай думкі на тое, як уласна Ізраіль сябе паводзіць. Небяспека, што іншая малая краіна можа зрабіць тое самае, змусіла свет задумацца над тым, як устрымаць распаўсюд і перашкодзіць Ізраілю ды іншым краінам ужываць такую зброю ў будучыні. Міжнародная супольнасць прыняла да ведама глабальную магутнасць Ізраіля і пачала рабіць ціск на Ізраіль, каб той заключыў мір з палестынцамі і арабскім светам.
Чаму ізраільскія ўлады дагэтуль Вас пераследуюць?
Мой учынак прымусіў Ізраіль змяніць свае планы па ўзбраеннях. Ядзерная палітыка ёсць творам Шымона Перэса, гэтая палітыка, што грунтавалася на таемным вырабе зброі масавага знішчэння, цалкам правалілася. Ізраільцяне мусілі выбраць іншы кірунак, прыдумляць новую зброю. Але сёння будуюць мур, працягваюць усталёўваць блакады, каланізуюць. Урад зрабіў усё, каб габрэйскае грамадства стала яшчэ больш рэлігійным, нацыяналістычным і расісцкім. Замест таго, каб ісці ў іншым кірунку, зразумець урэшце, што няма іншага шляху апрача міру, замест таго, каб прызнаць роўныя правы палестынцаў і скончыць канфлікт.
Вы так шмат здзейснілі…
Я лічу, што як просты чалавек зрабіў нешта для бяспекі і павагі да іншых людзей. Кожная дзяржава мусіць паважаць нас незалежна ад нашай рэлігіі – ці мы юдзеі, ці хрысціяне, ці мусульмане, ці будысты. У Ізраіля вялікая праблема – гэтая дзяржава не шануе людзей. Тое, што робіць Ізраіль, толькі таму, што не лічыць кагосьці людзьмі, моцна ўражвае. Гэта мае сумныя наступствы, у тым ліку і для выгляду Ізраіля ў вачах людзей. Ізраіль зусім не ёсць дэмакратычным. Габрэйская дзяржава – расісцкая. Увесь свет павінен ведаць, што тут пануе апартэід: габрэям можна ездзіць паўсюль і рабіць што заўгодна, а ў астатніх няма ніякага доступу да такіх правоў. Гэты расізм – найвялікшая праблема Ізраіля. Няхай бы нават ЗША і Еўропа згаджаліся з ізраільскай ядзернай зброяй, але як можна апраўдаць цярпімасць у дачыненні да апартэіду, да такой фашысцкай дзяржавы?
Можа, Вы аспрэчваеце законнасць Ізраіля?
Безумоўна. Адразу ж па выхадзе з турмы я заявіў: мы не павінны трываць такую дзяржаву. Габрэйская дзяржава Ізраіль ёсць антыдэмакратычнай. Нам патрэбная дзяржава для ўсіх грамадзян, без увагі на іх веравызнанне. Развязанне праблемы – гэта адзіная дзяржава для ўсіх яе насельнікаў, любой рэлігіі, як у такіх дэмакратычных краінах, як Францыя ці Швейцарыя, а не дзяржава выключна для габрэяў. Габрэйская дзяржава не мае апраўдання для свайго існавання. Габрэям не патрэбны фундаменталісцкі рэжым, як у Іране. Людзі прагнуць дэмакратыі, якая дасць шанец іншым. Сёння мы маем на Блізкім Усходзе два рэлігійныя фундаменталісцкія рэжымы: Іран і Ізраіль. Але ізраільскі фундаменталізм бясконца больш фанатычны, чым іранскі.
Вы хочаце сказаць, што Ізраіль уяўляе большую небяспеку, чым Іран?
Менавіта. Напэўна, усе ўжо ведаюць, што ізраільцяне зрабілі палестынцам за пяцьдзесят год. Часу больш чым дастаткова, каб свет сур’ёзна занепакоіўся палестынскім халакостам. Палестынцы так шмат вытрывалі за пяцьдзесят год ізраільскай тыраніі. Чаму ніхто ўголас не кажа, што ізраільцяне не лічаць палестынцаў людзьмі? Ніякіх іх правоў не прызнаюць, пастаянна іх пераследуюць, адбіраюць жыццё, у якасці апраўдання спасылаючыся на ўласнае мінулае.
Ці хацелі б Вы нешта сказаць маёй краіне, Швейцарыі, якая з’яўляецца ахоўніцай Жэнеўскіх канвенцый?
Швейцарыя павінна рашуча і голасна асудзіць расісцкую палітыку Ізраіля, усе парушэнні правоў палестынцаў, мусульманаў ці хрысціян, якія там адбываюцца. Кожная краіна павінна патрабаваць ад Ізраіля шанавання асноўных правоў не-габрэяў як людзей. Вы ведаеце, што я не маю права з Вамі размаўляць, мне забаронена размаўляць з іншаземцамі. Калі, нягледзячы на забарону, размаўляю, то рызыкую. Цяжка. Ізраіль скарыстаў “дывідэнды” з Халакосту, каб узброіцца, знішчыць дамы і ўласнасць палестынцаў. Я быў бы вельмі задаволены, каб Ваша краіна дала мне пашпарт і дапамагла пакінуць гэту, Ізраіль. Жыццё тут вельмі цяжкае. Калі ты габрэй, не маеш ніякіх праблем, а калі не габрэй (або не такі габрэй, што яшчэ горш), з табой абыходзяцца без ніякіх цырымоній.
(Мардэхай Вануну сапраўды спрабуе дамагчыся палітычнага прытулку. Яму ўжо адмовілі ў прадастаўленні прытулку Нарвегія, Швецыя, Канада ды Ірландыя на падставе быццам бы таго, што такія прашэнні могуць падавацца толькі на тэрыторыі гэтых краін. Вануну, натуральна, накіроўваў іх з Ізраілю – – заўвага беларускага перакладчыка.)
Кастрычнік 2005 г.
– – – – – – –
Перакладзена з польскай паводле: Lewą Nogą. Półrocznik polityczno–artystyczny. #17. Warszawa: Instytut Wydawniczy Książka i Prasa, 2005. S. 235-244.
Зверана з ангельскамоўным арыгіналам:
http://www.voltairenet.org/article129838.html
Францускі пераклад інтэрвію можна знайсці па адрасе: http://bellaciao.org/fr/spip.php?article19854
Расійскі пераклад:
http://www.voltairenet.org/article129704.html
Сільвія Катторы (Silvia Cattori) – швейцарская журналістка (ISM Suisse).
Мардэхай Вануну (нар. у 1954) звольніўся з працы ў цэнтры ядзерных доследаў каля Дзімоны і з’ехаў з Ізраілю ў 1985 г. Жывучы ў Аўстраліі, прыняў хрысціянства. У верасні 1986 г. ён перадаў фатаграфіі цэнтра ды інфармацыю пра ізраільскую ядзерную зброю брытанскай газеце The Sunday Times. Яшчэ да таго як 5 кастрычніка выйшла публікацыя, Вануну быў схоплены Масадам. Пасля выхаду з турмы 21 красавіка 2004 г. змушаны жыць у Ізраілі. Яму забаранілі выезд з краіны, а пазней забаранілі наведваць палестынскія тэрыторыі. Першапачаткова абмежаванні былі накладзеныя на год, але ў далейшым штогод іх працягвалі. Акрамя таго, пра ўсе перасоўванні паміж гарадамі і перамену месца жыхарства ён абавязаны паведамляць паліцыі, яму забароненыя кантакты з іншаземцамі (ў тым ліку па тэлефоне і электроннай пошце), наведванне пасольстваў, міжнародных портаў і набліжэнне на 500 метраў да прапускных пунктаў на знешняй граніцы Ізраіля. За парушэнні рэжыму – перасоўванні па краіне і кантакты з замежнымі журналістамі Мардэхай Вануну неаднаразова арыштоўваўся, яго судзілі, парушаючы Міжнародную канвенцыю па грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваную Ізраілем.
Пасля хрышчэння ў Англiканскай царкве Аўстралii Мардэхай Вануну атрымаў новае iмя – Джон Кросман.
Дзяяч антыатамнага руху і палітвязень, ён займаў і займае актыўную антываенную і касмапалітычную пазіцыю. Гады зняволення толькі загартавалі волю гэтага незвычайнага чалавека і ўпэўненасць у слушнасці прынятага рашэння.