Задума стварыць вольны універ абмяркоўваецца сярод менскіх студэнтаў і выкладчыкаў, якія з’яўляюцца актывістамі руху за самакіраванне ў вышэйшай адукацыі, ужо некалькі год. Пошукі камэнтароў і пацьверджаньня чутак прывялі мяне да Ўладзя, удзельніка менскай крытычнай масы і аднаго з натхняльнікаў ідэі вольнага ўніверу ў Беларусі.
“Толькі не вольнага ўніверсітэта, а адукацыйнага кааператыву – папраўляе мяне Ўладзь. – Бо ўніверсітэт – штосьці вельмі вялікае, унівэрсальнае. Мы цьвяроза ацэньваем свае магчымасьці, не прэтэндуем на ўсеахопнасьць адукацыі. Добра, калі нашая ініцыятыва зможа называцца ўніверсітэтам праз год 10-20.
С. Як бы ты растлумачыў, што такое вольны ўніверсітэт?
У. Мы прызвычаіліся зьвяртацца за ведамі да спецыялістаў
– у школы, ВНУ, установы падвышэньня кваліфікацыі, на курсы. Нібыта там нам разам з
дыплёмам і сэртыфікатам дадуць правільныя веды, слушную карціну сьвету. Але не
абавязкова, што спецыяліст ведае больш і разумее лепш, чым неспецыяліст!
Напрыклад я, як спецыяліст у гісторыі, усьведамляю, што насамрэч ведаю не так
шмат. Да таго ж, вельмі часта спецыялісты могуць сьвядома даваць няпоўную
інфармацыю, ствараць скажоную карціну сьвету і праз гэта маніпуляваць людзьмі.
Замест таго, каб ісьці да спецыялістаў, мы прапануем аб’ядноўваць высілкі, і
зьвяртацца да сяброў. Зьбіраецца пэўная колькасьць людзей, якія хочуць
абменьвацца ведамі, фармулюецца тое, чаму мы хочам/можам навучыць і навучыцца,
потым ствараецца каардынацыйны цэнтр… і пачынаецца навучальны працэс.
С. А на якой стадыі знаходзіцца гэты
працэс у Беларусі?
У. Першы праект, зьвязаны з дзейнасьцю
кааператыва – гэта ўрокі эсперанта.
Улетку 2006 г. адбыўся шэраг лекцый па гісторыі і сацыялогіі. Самае файнае ў такіх мерапрыемствах – гэта дыскусія.
Напрыклад, мы ладзілі абмеркаваньне на тэму “Расія і Беларусь – што
адрознага і агульнага ў сцэнарах развіцьця”. Калі да нас прыязджалі
швейцарцы, народ дзяліўся думкамі пра тое, што адбываецца ў Швейцарыі і
Беларусі. Гэта было вельмі цікава, асабліва вывучэньне вопыту швейцарскіх альтэрнатыўных супольнасьцяў.
На жаль
каардынацыйны цэнтар пакуль ня створаны, як няма і сталага памяшканьня для
адукацыйнай дзейнасьці. Затое ўжо ёсьць людзі, які
гатовыя выкладаць французскую мову, гісторыю рэвалюцыйнага руху, гендэрную
тэорыю. У плянах курс сацыяльнай экалёгіі, не чагосьці абстрактнага, адарванага
ад рэальнага жыцьця, а экалёгіі, зьвязанай з паўсядзённасьцю. Бо можна
гадзінамі распавядаць пра бекерэлі і цяжкую ваду, але слухач лекцыі нічога не
запомніць і ня стане лепш разумець радыяцыйную экалёгію – веды застануцца
адчуджанымі. А можна замерыць узровень выпраменьваньня ў садавіне з бліжэйшага
рынку і падлічыць, якую дозу яе спажывец атрымае за год. Ці можна доўга
рассусольваць пра тое, які ўнёсак робіць дарожны транспарт у сусьветныя выкіды
парніковых газаў (Уладзь працягвае мне паштоўку з жыццесвярджальным надпісам “У Новы год без аўтамабіляў”)
А можна пачуць, як равуць рухавікі аўтамабіляў, што праносяцца па праспэктах,
якім смуродам нясе з выхлапных труб, знайсьці досьледы эколягаў, якія
публікуюцца мізэрнымі накладамі і, фактычна, недаступныя для шырокай публікі. У
вялікім горадзе больш за палову шкодных выкідаў у паветра прыходзіцца на долю
машын. У Менску – да 80%. Асабіста мяне гэта кранае. І пра гэта мне не
распавялі ў школе, гэтыя веды – вынік самаадукацыі і дапамогі сяброў,
удзельнікаў экалягісцкага руху”.
С. Якія мэты і пляны ставяць перад сабой удзельнікі вольнага ўніверсітэту?
У. Адукацыя павінна
фарміраваць крытычную сьвядомасьць, і
хутчэй ставіць пытаньні, чым даваць адназначныя адказы. У свабодных
школах няма падзелу на настаўнікаў і вучняў. Ёсьць арганізатар працэсу, які
карыстаецца пэўнай методыкай, але ў той жа час ён таксама вучыцца. Вучоба не
мусіць быць застылай, мець вызначаныя раз і назаўжды праграмы.
Яшчэ ёсьць ідэя
ўвесьці сістэму крэдытаў. Асабіста я ад яе не ў вялікім захапленьні, але яна можа
прынесьці сваю карысьць, бо могуць зьявіцца людзі, якія самі нічым ня дзеляцца,
а толькі спажываюць. Некаторыя прадметы могуць быць вельмі запатрабаваныя,
напрыклад, тыя ж замежныя мовы. І тут зьяўляецца неабходнасьць весьці своеасаблівы
улік: хто на колькі навучыў. Нельга, каб хтосьці кагосьці эксплуатаваў!
С. Я чула, што ў Беларусі плянуцца стварэнне Open University. Ці маеце вы нейкага дачыненьня да гэтага праекта? І
ўвогуле, ці плянуеце выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, open
sourse праграмы?
У. Калі гэта намеры
тых людзей, што рабілі RAM-7 у Менску, то я зусім
нядаўна пра іх пачуў. Дачыненьня да гэтага мы ня маем, хаця праект цікавы і ў
нечым супадае з нашымі ідэямі. Я ня пэўны, што той праект выжыве без замежнай
падтрымкі. Мы ж прынцыпова арыентуемся на матэрыяльную аўтаномію. Наш
адукацыйны каапэратыў ня можа залежаць ані ад дзяржавы, ані ад прыватных
фондаў.
Што да open sourse праграмаў, то, вядома, мы іх зьбіраемся выкарыстоўваць, і адным з
найважнейшых кірункаў каапэратыва можа стаць навучаньне свабоднаму ПЗ.
С. Адкуль паходзяць самыя радыкальныя ідэі вызваленчай педагогікі?
у. Няма нейкай адной
краіны, якая б вяла рэй. Але ёсьць некалькі адметных. У Брытаніі яшчэ ў
міжваенныя гады існавала школа Самэрхіл, апісаная ў кнізе А. Хіла
“Самэрхіл. Выхаваньне свабодай” (існуе пераклад на расійскую мову).
Але, як ні парадаксальна, самыя рэвалюцыйныя ідэі былі выпрацаваныя ў 1960-70-я
не ў Эўропе, а ў Лацінскай Амэрыцы. Гэтаму спрыялі, з аднаго боку, гострыя
сацыяльныя канфлікты, якімі славіцца гэты рэгіён, а зь іншага, высокі ўзровень
інтэлектуальнага разьвіцьця. Мысьлярам трэба было разьвязваць складаныя
пытаньні грамадзкага жыцьця. Найбольш вядомыя лібэртарныя пэдагогі з Лацінскай
Амэрыкі – бразілец Паўло
Фрэйрэ ды ягоны сябар Іван Ільліч (эўрапеец, які доўгі час працаваў у Мексіцы). А дзеля ўсьведамленьня таго, чым ёсьць сучасная эўрапейская
школа, шмат зрабіў Мішэль Фуко.
С. З краінамі Лацінскай Амерыкі ўсё зразумела: ) А якая сітуацыя склалася
ва Ўсходяй Эўропе?
У. Украінцы
перагналі ўсю Ўсходнюю Эўропу ў пляне тэарэтызаваньня. Яны выпусьцілі пераклад
на ўкраінскую мову дзьвюх кніжак Паўло Фрэйрэ, які займаўся навучаньнем пісьму
дарослых. Ягоны твор “Педагогіка прыгнечаных” – безумоўная клясыка
жанру. Ва ўкраінскім інтэрнэце вызваленчая педагогіка прадстаўленая найлепей:
ёсьць адмысловы livejournal, была спроба
стварыць сайт на лібэртарным партале zaraz.org. З практыкай ва Ўкраіне
горай.
У расійскім выдавецтве “Просвещение” пры канцы 2006 г. выйшла кніжка пэдагагічных твораў Ільліча. У Маскве ёсьць прынамсці адна свабодная школа, называецца яна “Дэбаркадэр” і была заснаваная яшчэ ў 80-ыя, на хвалі руху альтэрнатыўнай адукацыі.
Дэбаркадэр – плавучая пасудзіна, якая ня можа перасоўвацца самастойна, без буксіру. Гэта такі дом на вадзе. Адно з памяшканьняў школы акурат і месьціцца на дэбаркадэры. На ім жывуць і вучацца некалькі дзесяткаў хлапцоў і дзяўчатак. “Дэбаркадэр” мае дзяржаўную ліцэнзію на пазакласную адукацыю, але дае паўнавартаснае выхаваньне. Школьныя іспыты дзеці здаюць экстэрнам. Iснуе Маскоўскі унівэрсытэт свабоднага сацыялізму, даволі спэцыфічнае ўтварэньне, дзе трапляюцца цікавыя лектары, і наведваньне ўсіх мерапрыемстваў вольнае.
Далей, клюб Джэры Рубіна – буйны альтэрнатыўны цэнтар, дзе ня толькі праходзяць канцэрты, але і арганізоўваюцца лекцыі, сэмінары на розную тэматыку – антываенную, ці пра гістрыю кінематографа.
“Усё гэта можа падасца простым, але гэта крок у нязведанае. Ты ня ведаеш ня толькі таго, што будзе ў канцы, але і прамежкавых вынікаў. Гэта сацыяльны эксперымент, і для таго, каб штосьці атрымалася, неабходна, каб усе актыўна ўдзельнічалі”.