Зьміцер Серабракоў. Як я быў здраднікам

Ярыле Пшанічнаму – бадрыяру
і чалавеку

http://yaryla.livejournal.com/

“Адзіная перспектыва ў прадзьвінутага
хлопца ў гэтай краіне – працаваць блазнам у підарасаў.

     
– Здаецца мне, – адказаў я, – ёсьць і іншыя варыянты.

     
– Ёсьць. Хто не хоча працаваць блазнам у підарасаў, будзе працаваць
підарасам у блазнаў. За той самы дробны прайс”.

                                               В.А.Пелевін  Empire V

 

А палове на другую ночы загудзела мабіла:
я еду ў Варшаву на ”сустрэчу польскіх і беларускіх выдаўцоў, пісьменьнікаў і
інтэлектуалаў “Культура насуперак аўтарытарызму”. Паведамленьне не выклікала
асаблівых ані пазітыўных ані негатыўных эмоцыяў. Пасьля таго, як у часопісе
“Архэ” побач з маім прозьвішчам было пазначана “левы інтэлектуал” (1), я быў
гатовы да любых роляў, як напрыклад, у навінкаўскім фільме “Гудбай Бацька”. Атрымаў
па мэйлу праграму, тэма дыскусіі, дзе я павінен браць удзел “Творчы працэс, як
знак незалежнасьці і супраціву кантролю і гвалту – дыскусія творцаў,
пісьменьнікаў і публіцыстаў”. Сем словаў у родным слове амаль запар –
кампутарная праграма перакладу з польскай на беларускаю існуе! Трэба ехаць.
Падрыхтаваў невялічкія тэзісы з цытатамі з “Сымбалічнага абмену і сьмерці”
Бадрыяра і дэбораўскіх камэнтаў да “Грамадзтва спектаклю”. Узгадаў як гадоў
пяць таму, калі я яшчэ хадзіў у асьпірантуру ІФАНРБ, Ігар Бабкоў мяне агітаваў
браць удзел у такіх эўрапэйскіх сімпозіюмах, дзе група беларускіх філёзафаў
выступала б у якасьці блазнаў і пацяшала публіку дзікімі філязафічнымі тэорыямі
на тэмы Беларусі ў сьвеце і сьвету ў Беларусі – я абураўся: як гэта блазнаў?
Не-е-е… Філязофія гэта вам не… А чаму не, ўласна? Факт сьмерці (прычым
гвалтоўнай) усяго, што не зьяўляецца гламурам, дыскурсам і гэтак званымі навінамі,
рэч усталяваная раз і назаўжды, а філёзафу каб атрымаць на хлеб трэба зноў
прыслужвацца альбо айчынным ментам, альбо замежным рэйнджэрам… Праграма
сустрэчы наводзіла на думку пра ўжыты Гамбровічам тэрмін “гуманістычны кіч” –
чым усё ўрэшце і абярнулася. Сябра з мясцовых апазыцыянэраў аднойчы распавёў
гісторыю, як на падобным мерапрыемстве палякі запыталі яго, якой вам, беларусам
ад палякаў дапамогі трэба? чакаючы, што ў адказ будуць просьбы павялічыць
фінансаваньне і матэрыяльныя  выдаткі на
падтрымку дэмакратыі і апазыцыі аўтарытарызму, каб сказаць сваё “нестэты”… Але
хітры беларус сказаў, што нам патрэбны прыклад сапраўнай дэмакратыі і свабоды,
на што зьбянтэжаныя палякі разьвялі рыкамі “нестэты… чаго няма, таго няма”…

 

У пошуках неабходных для справаздачы
квіткоў, гадзіну прастаяўшы каля месца спыненьня рэйсавых аўтобусаў, я зьвярнуў
увагу, што публіка дзіўна рэагуе на пытаньне “ці не з Бабруйска вы?” і проста
спытаў пра ўжытыя праязныя дакумэнты – нарэшце аказалася тое, што трэба… Да
адпраўленьня цягніка на Варшаву заставалася некалькі гадзінаў і я правёў іх у кампаніі
Ярылы Пшанічнага ў дэгустацыі напояў і абмяркоўваньні додэкафанічнай постіндустрыяльнай
нойз-оперы “Нацыянальная бібліятэка” з сапраўднымі шумамі і грукатам завадзкіх
машынаў і механізмаў і лексіконам, які ўжываюць сапраўдныя будаўнікі храмаў
навукі, а не мітычныя нашчадкі Аданірама, напоі таксама былі дзеля
вэрытабельнасьці з карт-вэн будаўнікоў бібліятэк, таму, на вакзале ўжо было
дастаткова, каб перажыць пераезд дзяржаўнай мяжы.

Бруднапатлаты культуроляг, шустрыя апазыцыйныя
чыноўнікі, выдаўцы грантавых студэнцкіх часопісаў, якія ніхто не чытае… зорка
беларускага тэлебачаньня…  і мы… зоркі
падпольнага кіно… медыя хуліганы… у мінулым…незнаёмы дзядзька падобны на Сціві
Марціна, знаёмы карэспантэнт радыё “Свабода”, пара старых знаёмых… 

        Варшава сустрэла лістападаўскай шэрасьцю, нават
бясколернасьцю і галаўным болем ад учарашняга творчага працэсу. 

Цэнтр, дзе павінна было адбыцца шоў беларускіх
дэмакратаў, увогуле ў тыя дні прэзентаваў выставу “Аблічча таталітарызму”, з рэтраспектывай
фатаздымкаў масавых забойстваў ХХ стагодзьдзя на стэндах. Можна было азнаёміцца
з савецкай і антысавецкай прапагадай, з гітлераўскімі плакатамі і карыкатурамі
Кукрыніксаў, Асьвенцым, Катынь, а дзе ж Бяроза Картуская, фюрэры, генсекі,
шчасьлівая дзяўчынка з плякату “Нямецкая моладзь за фюрэра”, падобная на Ксюшу
Сітнік… гламурны фюрэр… “Абмен сымбалямі сьмерці ў
showsociety”, амаль па Гі дэ Бардрыяру. У гэты ж час, як
паведамлялі рэклямныя шыльдачкі, напісаныя ад рукі вулічнымі гандлярамі
відэапрадукцыяй, лідэрамі прадаж мінулага месяца былі “Stavka więcej niż życie” i „Siedemnaście mgnień wiosny” на DVD.

У першы дзень выступалі прадстаўнікі прымаючага
боку. Падпольныя выдаўцы часоў “Салідарнасьці” выдавалі шматкротна адкатаную
праграму пра “час ваенны”, калі бледныя амаль гектаграфічныя копіі антыўрадавых
і антыкамуністычных улётак разыходзіліся ў народзе як кубік “Магі” ў кіпні… Пад
канец нас заклікалі не проста раздаваць прадукцыю, але прадаваць, каб людзі
куплялі і хавалі ў шуфлядзах, бо тое, што дарма дастаецца, тое нічога і не
вартае. Як у той показцы пра жыда з улёткамі ў партызанскім атрадзе… “Ледзьве
п’гадаў… але больш мне такі ма’ны тава’г не падсоўвайце!”

Як шмат можна распавесьці і пра самвыдат і пра распаўсюд апазыцыйнай прэсы…
Колькі разоў я быў сьведкам, як супрацоўніца амэрыканскай амбасады падчас
сяброўскага візыту ў рэдакцыю незалежнай газэты, пасьля некалькіх хвілінаў
ветлівай размовы, ветліва пыталася: “А можэт ваша газета пэрэйті на
самоокупаемость… чэрэс нэкоторое врэмя, да?” І рэдакцыя дружна пачынала
пераконваць, што нажаль, у нашых умовах гэта немагчыма… Прадпрыймальнікі баяцца
даваць рэклямныя абвесткі… Распаўсюднікі баяцца браць газэты на распаўсюд… А
праца ў незалежнай часам газэце мала розьніцца ад працы ў залежнай. Якая
розьніца, у якой рэдакцыі цярпець хамства рэдактара-самадура… Падчас
перыядычных вострых праяваў шызафрэніі, рэдактар газэты “Згода” Аляксандр
Зьдзьвіжкоў пачынаў з таго, што распавядаў прысутным, як учора рагаталі ў адной
цёплай і дужа інтэлектуальнай кампаніі над яго апошнімі каламбурамі (2)!

          Польскі бок таксама мог распавесьці вельмі шмат… Карэспандэнт радыё
“Свабода”, які сустракаўся з Адамам Міхнікам ува Францыі… Але гэта амаль
канфідэнцыяльная інфармацыя, і нікога насамрэч не цікавіць колькі мільёнаў
даляраў, выдадзеных кангрэсам ЗША, было проста скрадзена. Затое ў інтэрнэце
можна прачытаць, колькі выдалі на аранжавую і цюльпанавую. Што і казаць – хто
плоціць, той і польку замаўляе, таму словазлучэньне “Фармат “Свабоды” не
пазбаўлена пэўнага сэнсу, сярмяжнай праўды. 

Нават анархісты падпарадкоўваюцца паводле вызначэньня Бакуніна “нябачнаму
ўраду", які складаецца з рэдактароў найбольш буйных выданьняў. Гэтыя
выданьні маюць аднолькавы аўтарытарны падыход да сваіх чытачоў, а таксама і
сваеасаблівую джэнтльменскую дамоўленасьць аб ненападзе адзін на аднаго, каб не
падарваць саёй гегеманіі над шэраговымі ўдзельнікамі руху… І кожная арганізацыя
падобная на другую больш, чым на асобнага анархіста. А анархістская крытыка
дзяржавы насамрэч гэта прыватны выпадак крытыкі арганізацыі, таму не можа да
канца быць зразуметай анархістамі..

А атрыманьне ганарараў у левым выданьні – гэта ўжо
асобная сімфонія! 

Шмат што можна было распавесьці на тэму творчага
працэсу і супраціву гвалту… Трэба было толькі сваечасова быць на ме         йсцы, чаго не падужаў ніхто акрамя некаторых
дужа адказных (большасьць на чале з правадыром яшчэ адпачывалі пасьля
ўчарашняга), а наша панэль павінна была пачацца з дэманстрацыі відэа. Відэа не
ўключалася. Рытуальнага прагляду “Случая з пацаном” у пустой залі не адбылося.
І добра. А ўдзельнікі панэлі спазьніліся на ўласны перформанс. Таксама знак
супраціву.

        Трывіяльная ўсеагульнавядомая рэч наконт ідэялягічнай сутнасьці і ролі авангарднага
мастацтва: змагацца з засільлем пануючай ідэялёгіі, супраць дыскурса ўлады,
які, нібы той удаў, гіпнатызуе масы агульнапрынятымі стэрэатыпамі мысьленьня,
сама даўно стала стэрэатыпам. Міжволі насоўваецца думка, што існуюць іншыя
стэрэатыпы – стэрэатыпы супраціву ўладзе, які зьяўляецца неаддзельным элемэнтам
улады, як у рамане нядаўняга набожчыка Курта Ванегута “Калыска для коткі” – у
сталіцы ўлада, у лесе апазыцыя. Поўная сіметрыя…Стагнацыя. Усьведамляючы
безвыходнасьць гэтага парадокса, авангардны творца сказаны на іронію,
блюзьнерства і блазенства, якім таксама пакладзены крэс пасьля тэракту 9.11. У
сродаках масавай інфармацыі атрымалі шырокі распаўсюд загалоўкі накшталт "Канца
веку іроніі", канца веку постмадэрнісцкага дэканструктывісцкага сасьлізгваньня
сэнсаў: цяпер нам патрэбныя зноў погляды ўстойлівыя і адназначныя. І што з
таго, гэтыя погляды не надта сьежыя, як шкарпэткі падарожніка, які правёў ноч у
цягніку Мінск-Варшава? Як пахмеленыя твары беларускіх інтэлектуалаў “за
дыскурсам”. 

            “Культура ў катакомбах”
прэзентавалася “трыма багатырамі” – бруднапатлатым культуролягам і такімі ж
патлатымі незалежным рэжысёрам і незалежным мастаком Клімаксовічам (3). Усе
былі ў выдатнай форме – хапіла часу адпачыць і пахмяліцца. Бруднапатлаты
культуроляг шчодра раздаваў кампліменты супраціўленцам-адраджэнцам. Паколькі мы
спазьніліся на першую панэль, дзеля рэабілітацыі трэба было выступіць, але як
ўціснуць у пару словаў культуралягічную буру і націск? Нарэшце мікрафон у
“Навінак” мяне панесла ў бок нейкіх таемных дыскурсаў, словы не пасьпявалі за
думкамі, а думкі не афармляліся ў словы, нарэшце я прыпісаў тэзіс Гі Дэбора
Бадрыяру (мір ягонаму праху), а Ксюшу Сітнік, як прадстаўніцу і эмісара гламуру
ідэялёгіі, прапанаваў мастаку Клімаксовічу намаляваць на сваёй патэльні з
вусамі дыктатара. Але і без гэтага шоў дайшло да сваёй кропкі экстрэмума. Што
трэба, каб зацікавіць цёмны беларускі народ цудоўнай і чыстай беларускай мовай?
Зьняць парнуху па-беларуску! А-а-а… гэта “фармат “Свабоды”, давай калега,
адпрацаўвай сваё спазьненьне, працуй на панэлі. А што такое народ? Не ведаю я
ніякага народа! – ну, гэта ты, браце, загнуў…

Гаспадары паспрабавалі неяк скіраваць дыскусію ў патрэбнае рэчышча. Увогуле
ўсё мерапрыемства ладзілася як зандзіраваньне глебы на тэму мэтазгоднасьці
праекту незалежнага спадарожнікавага тэлебачаньня. Хто яго будзе глядзець?
Прабачце, пшэпрашам пана, але хто слухае “радыё Свабода”? А ўсё праект ж існуе
і няблага… У Сярэдняй Азіі жыць можна, як пісаў Венічка Ерафеееў… Але і самі
палякі былі заатакаваныя культуролягам, які абвінаваціў польскі бок у тым, што
для яго знаёмства з польскім рокам скончылася з “Budką Suflera”. У крамы трэба часьцей
хадзіць – у мяне, напрыклад, ёсьць легенда гданьскага блэк-металу „Behemoth”. І культавае польскае кіно на DVD можна набыць свабодна і без макулатуры…

Імпрэза скончылася ў кавярні пад “winko” і песьні вядомага барда. У нас іх два. Насамрэч іх больш, але гарадзенскі
бард Шалкевіч і гомельскі бард Мельнікаў маюць адну адметную рысу – яну чмураць
і казляць апазыцыю, як у сваіх амэрыканскіх лекцыях Жан Бадрыяр апускае
амэрыканскі істэблішмент за амэрыканскія ж грошы. “І прыдуць сябры-адраджэнцы і
іхныя тлустыя шмары…” А апазыцыі, як і амэрыканскаму істэблішменту, гэта
падабаецца. І шмарам таксама. Апазыцыйны шансон гэта як бы ідэнтыфікацыйны код,
які дазваляе ўдзельнікам карпарацыйнай вечарынкі адчуваць сябе нейкай
суперэлітай унутры эліты. Гэткае вытанчанае здрадніцтва. А што рабіць з
нахабнай здрадніцкай мордай? Правільна, Віця! Цаглінай Ружанскага замка! … І…
часопісам модным “Архэ”…

На пероне перад самым адпраўленьнем цягніка „Warszawa-Minsk” даведаліся пра падзеі на
Радзіме. У гектакомбе Нацыянальнай бібліятэкі, дзе адбываўся сход краінаў СНД,
было адмоўлена ў акрэдытацыі некалькім з расейскіх журналістаў, Скандал.
Беларускаму боку таксама было ў нечым адмоўлена. (4) Двайнік Сціві Марціна
віншаваў усіх з пачаткам канца дыктатуры. Масква адвярнулася ад узурпатара.
Заграніца за намі! У якім палку служылі!

Шарай раніцай у Берасьці. Дзяржаўная мяжа сустрэла бліскучых прадстаўнікоў
беларускай думкі няветліва. “Чьто вы делалі за граніцей!” “Какова была цель
вашего візіта!” З такімі недыскрэтнымі пытаньнямі ўсе сутыкнуліся ўпершыню. Можа
цётка проста праводзіць сацыялягічнае апытаньне для магістэрскай працы ў школе
міліцыі? Але цяжка было скласьці суцэльную карціну з цэлага вахліка
разнастайных адказаў. “Што я дзелаў?” — “Балдзеў!” – гэты адказ чамусьці
найбольш пакрыўдзіў мытную даму. “Ну вы жэ культурны чалавек!”. Брава, Сева!
“Што я рабіла?” – “Фсё!” Ну, таксама няблага…

            Та-а-к… ёсць такая прафесія – Радзіму прадаваць! (5) А Ярыла Пшанічны ідзе сваім шляхам. Ён не прадасьць сваю Радзіму не таму,
што яна ўжо прададзеная, і не таму, што ніхто не купіць, а таму, што ніхто не
будзе прадаваць бутэльку шмурдзяка, калі зьбіраецца яе ўжыць. Ярыла Пшанічны жыве на сваёй Радзіме. І піша пра яе
свае вершы. Гэта менавіта тая перспектыва, якая не сьнілася пелевінскім блазнам
і підарасам. Даведзена, што любы шмурдзяк будзе смачнейшы, калі паверыць у тое,
што напісана на этыкетцы. Паверце Прэзыдэнту краіны – і вы прачнецеся ў
цывілізаванай эўрапейскай дзяржаве!

(1)
Значна папсавала рэпутацыю
“левага інтэлектуала” рубрыка “левым
вокам” Лёліка Вушкіна. Цяпер кожнае немаўля ў Беларусі ведае, што левы
інтэлектуал гэта шут гарохавы. Але Лёлік на большае ніколі і не прэтэндаваў.

(2)
За апошні каламбур рэдактара – перадрукаваныя з інтэрнэту карыкатуры на
барадатых чэбурэкаў газэту ўлады зачынілі да ўсеагульнага задавальненьня, у тым
ліку і самога рэдактара, якому гэтая ўся мітусьня надакучыла страшэнна.

(3)
Пра беларускіх мастакоў-постмадэрністаў напісаў В.А.Пелевін  у “Сьвятарнай кнізе Ваўкалака”: “Ці бачыла ты
хіт Венецыянскага біенале — стог сена, у якім чатыры гады хаваўся ад
участковага першы беларускі постмадэрніст Мыколай Клімаксовіч? Аляксандр
абазваў гэту работу плагіятам і распавёў пра аналягічны стог Уладзіміра
Ульянава (
Lenin
), што знаходзіцца на сталай экспазыцыі ў вёсцы
Разьліў. Брайан заўважыў, што паўтарэньне — не абавязкова плагіят, гэта
сутнасьць постмадэрна, а калі шырэй — аснова сучаснага куьтурнага гешталъта,
які праяўляецца ва ўсім — ад кланаваньня авечак да рэмэйка старых фільмаў. Чым
яшчэ займацца пасьля канца гісторыі?”

(4)
У фільме “Руіны страляюць ва ўпор” ёсьць эпізод: у шпіталі падчас складанай
аперацыі па выратаваньні савецкага дыверсанта, уваходзіць медсястра празаходняй
арыентацыі са славамі “Господа, Москва взята!”—“Вы вошли в нестерильном
халате”-адказвае ёй хірург-патрыёт і Сталініст. Опаньк
и! Фитилёк-то…
коптит!

            (5) У
адказ на гэтую пераробку з савецкага фільма “Афіцэры” можна, напрыклад
прыгадаць з “Аперацыі Ы”: “не хвалюйцеся, усё ўжо даўно прададзена…”
 


тэкст напісаны для часопіса “Тэксты”

About kairos

Либертарный блог, инициированный для актуального анализа и критики современной ситуации в Беларуси и мире, площадка для культивирования альтернативных, неавторитарных подходов к политике, искусству и повседневной жизни.
This entry was posted in рэпартаж. Bookmark the permalink.