Анархія – гэта дзівацтва

Для мяне дзівацтва* – гэта руйнаваньне межаў.
Штучныя, адвольна вызначаныя межы сэгрэгуюць ды падзяляюць нас на
субкультуры, залежна ад таго, як мы сябе паводзім, што мы апранаем і зь
кім мы трахаемся. На маю думку, анархізм і дзівацтва ідуць поруч.
Падумай пра тое, наколькі прыдуманай ёсьць дзяржаўная мяжа? Колькі
ёсьць межаў, вызначаных супольнасьцямі, што жывуць у іх? Ці мае
якая-небудзь супольнасьць выразную мяжу? Ці не пашыраецца яна і ці не
сьціскаецца з часам, калі людзі вандруюць, гандлююць, дзеляцца
культурамі, заводзяць новых сяброў? Ці можаш ты накінуць мяжу на свой
гендэр**? Ты заўжды паводзіш сябе пэўным чынам ці твае паводзіны
зьмяняюцца з часам? Ці можаш ты накінуць мяжу на сваю сэксуальнасьць?

Зірніце
на гісторыю дзяржаўных межаў і вы пабачыце, што большасьць ёсьць
вынікам прыгнёту. Ўладар абвяшчае свае правы на "ўласную" тэрыторыю ды
яе народ, і такім чынам пануючы клас мае права кіраваць нашымі жыцьцямі
і страўліваць нас з тымі, хто мае іншыя межы на іншых тэрыторыях. Цяпер
намі кіруюць цэрквы, манархіі, маралі, СМІ, карпарацыі і
"прадстаўнікі", абраныя на выбарах, дзе абраньне каштуе грошай. Калі
апошні раз быў абраны ўрад, які б не падтрымлівала мэдыя-імпэрыя
Рупэрта Мэрдака? Няма ніякай рэальнай дэмакратыі і ніякага
"прадстаўніцтва". Ці палітыкі сапраўды цябе прадстаўляюць? Ці ты зь імі
калі-небудзь сустракаўся? Ці ты галасавала за іх? Ці ты галасавала? Ты
галасаваў за кагосьці, хто натхняў цябе, ці проста галасаваў, бо не
жадаў прыхода да ўлады горшага кандыдата? Ці сапраўды ты можаш ўкласьці
ўсе твае спадзяваньні і мары ў выбарчую скрынку раз на чатыры гады?

 

Гэта
жарт – сказаць, што тыя людзі думаюць, быццам маюць права ўказваць, як
нам сябе паводзіць, зь якога ўзросту, як і зь кім трахацца. Кожную пару
тыдняў здараецца "скандал" у жоўтай прэсе наконт міністра, які быў
засьпеты на адзюльтэры, спаў з прастытуткай, спала з больш чым адной
асобай ці кімсьці аднаго зь ім/ёй пола. Сапраўдны скандал – тое, што
гэта наогул становіцца скандалам, і што гэтыя людзі жывуць у
грамадзтве, дзе яны мусяць хаваць такую інфармацыю, але прымушаюць нас
жыць паводле маралі, якой самі ня могуць датрымлівацца. Чаму мы павінны
зьвяртацца да дзяржавы ў пошуках легітымнасьці нашых адносін праз шлюб
ці "грамадзянскае партнэрства"? Чаму мы мусім праціскацца праз
бюракратычныя шчыліны, каб уступіць у шлюб ці развесьціся? На халеру нам гэта? Дзе тут каханьне?

Што
такое мараль, нарэшце? Ідэя "маралі" падаецца рэліктам з дзён, калі
панавала рэлігія. Царква выкарыстоўвала "мараль", каб трымаць нас на
сваім месцы, каб засьцерагчы нас ад вывучэньня саміх сябе, нашых
жаданьняў і нашага сьвету і каб спыніць нашую крытыку інстытуцый, што
намі кіруюць. Цяпер царква ня мае ранейшага ўплыву, а вартаўнікамі
нашага "маральнага аблічча" сталі дзяржава і СМІ. Я бачу СМІ (ўлучна з
рэклямай) і ўрад як два бакі аднаго мэдалю. Абое ёсьць інстытутамі
прымусу, якія кантралююць і рэгулююць нашы жаданьні, імпульсы і
фантазіі дзеля ўласных мэтаў. Як інструмэнт капіталізму мэдыі
падзяляюць нас на катэгорыі і падтрымліваюць наша імкненьне за штучнай
карцінай цудоўнага жыцьця прыгажосьці, славы, посьпеху і шчасьця. У той
самы час рэклямісты выкарыстоўваюць гэта і накіроўваюць нас туды, дзе
мы можам спажываць гэтую карціну. Калі мы хочам вызваліцца ад штучных
жаданьняў і ўсталяванай маралі і знайсьці жыцьцё, якім хочам жыць, нам
трэба аслабіць і звергнуць камэрцыйныя мэдыі і стварыць некамэрцыйныя,
свабодныя і адкрытыя альтэрнатывы.

Я
заўважыў, што межы – клясычная тактыка у стылі "падзяляй і
ўладарствуй". У той час як няма межаў для транснацыянальных карпарацый,
"ніжэйшыя" клясы па ўсім сьвеце падзяляюцца як заўгодна. Ідэя межаў
стварае зручнае ўражаньне, што людзі мусяць быць іншымі, раз яны
нарадзіліся ў іншай краіне. І ў сытуацыі, калі ўрад пад пагрозай, ён
грае на нашым нацыяналізме. Мы мусім падтрымліваць ўрад, бо ён
"брытанскі", і мы мусім ганарыцца тым, што мы – "брытанцы". Мы мусім
ігнараваць усе іх памылкі, бо памылкі робяцца дзеля абароны "Брытаніі".
Мы мусім адчуваць блізасьць кожнай брытанскай асобы, бо яны жывуць у
тых самых дзяржаўных межах, што і мы. Таксама кожны мусіць адчуваць
супольнасьць з L, G, B ці T з-за біялягічнага полу таго, зь кім яны
сьпяць.

Я ніколі ен адчуваў сябе такім
адчуджаным, чым калі я спрабаваў быць часткай "гэй" сцэны. Я адчуваў
агіду да камэрцыйных клюбаў для "натуралаў": музыка, вопратка ў
абліпку, танны крэм пасьля галеньня, скокі ўсю ноч у цеснаце дзеля
таго, каб урэшце пераспаць з выпадковымі людзьмі, якіх ты ня ведаеш і
зь якімі ня стаў бы спаць, каб не напіўся. Калі я пачаў хадзіць у
гэй-клюбы, я знайшоў іх гэткімі ж павярхоўнымі і "ў абліпку". У мяне ні
з кім не было нічога супольнага, апрача адчуджэньня, якое я адчуваў
з-за таго, што я не адпавядаў стэрэатыпу тыповага гетэрасэксуальнага
мужчыны. Але я не адпавядаў і стэрэатыпу тыповага гэя і адчуваў сябе
гэтаксама адчуджана і няўтульна. Таму я шмат піў, падбіраў хлопцаў, зь
якімі ня меў нічога супольнага, а наступнага ранку яны мне нават не
падабаліся. Здаецца, цягам наступных трох гадоў гетэрасэксуальных
адносін я перастаў задаваць сабе пытаньні наконт гендэра і
сэксуальнасьці. Усе мае сябры былі "натураламі", кожны бачыў мяне
"натуралам", я быў монагамным, я нават уступіў у шлюб. Азіраючыся на
тыя часы, я ўсьведамляю, наколькі прыгнятаючай можа быць монагамія,
калі ты не адчуваеш сябе монагамным унутры.

Я
бачу дзівацтва і анархізм унутранай барацьбой за свабоду ўва мне, якая
ёсьць цяжкай у патрыярхальным капіталістычным сьвеце. У той час, як я
спрабую дзейнічаць негерархічна ў групах, я ўсё яшчэ маю тэндэнцыю
часьцей спрачацца ў патрыярхальным ключы, чым слухаць і пагаджацца. Я
ўсё яшчэ спажываю больш, чым мне хацелася б, і змагаюся супраць пакупкі
свайго шляху ў жыцьці. Я ўсё яшчэ падзяляю людзей на катэгорыі.
Выпадкова я заўважыў сябе за "лабіраваньнем" уладаў. Калі я бачу
аднаполую пару, я ўсё яшчэ спрабую вызначыць, хто "мужчына", а хто
"жанчына", быццам яны паўтараюць "гетэрасэксуальныя" пары. Я дагэтуль
раўнівая і ўласьніцкая асоба. Я ўсё яшчэ стрымліваю свае паводзіны,
калі бачу прадстаўнікоў улады накшталт мянтоў. Я ўсё яшчэ выпраўляю
сябе, калі заўважаю, што сяджу "па-жаноцку". Мне здаецца, што мая
галоўная барацьба – адкрыць мае ўласныя супярэчнасьці і ўсьвядоміць:
гэта не бойка супраць іх, але асабістае пакліканьне да жыцьця, якім я хачу жыць.

Я
разумею анархію не як адзін ультыматыўны адказ. Мне яна здаецца
сукупнасьцю пытаньняў пра тое, як мы стасуемся паміж сабой, дапамагаем
і падтрымліваем адно аднаго. Анархія не бачыцца мне як ідэалістычная
абстрактная утопія, якой мы ніколі не дасягнем. Я бачу анархію кожны
раз, калі мы вырываемся з жосткіх межаў, у якія нас заганяюць грошы і
закон, калі ня робім рэчы, якія ад нас патрабуюцца, каб легітымізаваць
іх існаваньне. Я бачу яе, калі мы дапамагаем адно адному і не чакаем
нічога наўзамен. Калі мы парушаем тэхніку бясьпекі на працы, бо мы
верым сваёй здольнасьці ўзабрацца на чортаву прыстаўную лесьвіцу без
трохгадзіннай трэніроўкі. Калі мы дзелімся сваімі ўменьнямі. Калі мы
вучымся дзеля ведаў, а ня дзеля сэртыфіката, які можам згадаць у сваім
рэзюмэ. Калі мы грэбуем гендэрнымі межамі і нас не ябе, што думаюць
людзі. Калі мы бярэм свае жыцьці ва ўласныя рукі, калі рызыкуем, калі
ўсьведамляем: жыць – гэта ня тое самае, што быць у бясьпецы, і ня тое
самае, што быць прадметам захапленьня. Калі мы трахаемся з тымі, каго
абіраем, ці кахаем таго, каго хочам, а не з тымі, з кім ад нас чакаюць,
ці з кім мусім, бо падпісалі паперку, што абавязвае.

Па-мойму,
ідэя анархіі прыгожая. Анархія – пачуцьці, дзеяньні, жыцьцё. Гэта –
веданьне, што пакуль мы бярэм адказнасьць за сябе, пакуль паважаем адно
аднога і дапамагаем адно адному, мы свабодныя рабіць і адчуваць так, як
нам падабаецца. Гэта для мяне анархія, і гэта – дзівацтва.

 

аўтар: resonantstorm (sabaka) riseup.net  

пераклад з ангельскай: gyvas  


Заўвагі перакладчыка

* У гэтым тэксце ангельскае слова queer найчасьцей перакладаецца як "дзівацтва". Слоўнікі падаюць наступныя значэньні прыметніка queer: 1) дзіўны, дзівакаваты; 2) які адчувае дурнату (недамаганьне); 3) сумнеўны, падазроны. У найноўшыя часы слова queer
стала выкарыстоўвацца таксама як назоўнік і абазначаць людзей бяз
пэўнай сэксуальнай ідэнтычнасьці, тых хто ня лічыць сябе ані строгім
геем/лесбіянкай, ані "натуралам", ані бісэксуалам. У больш шырокім
сэнсе яго можна разумець як адмаўленьне ўсялякіх накінутых
ідэнтычнасьцяў: гендэрнай, нацыянальнай ды інш.

**
Гендэр (анг. gender) – сацыяльны пол. Калі тлумачыць на пальцах, то
біялягічны пол – гэта геніталіі. А сацыяльны – гэта тое, што сукенкі
мусяць апранаць толькі жанчыны, а мужчыны лепей кіруюць аўтамабілямі.

 

Арыгінальны тэкст быў апублікаваны ў зіне “Evening Queer” (Bristol, UK).

About kairos

Либертарный блог, инициированный для актуального анализа и критики современной ситуации в Беларуси и мире, площадка для культивирования альтернативных, неавторитарных подходов к политике, искусству и повседневной жизни.
This entry was posted in пераклады. Bookmark the permalink.