Дасьледаваньні сувязi паміж атамнай энэргетыкай і здароўем людзей небясьпечныя для пасьпяховай акадэмічнай кар’еры. I толькі выбiтныя адзінкі, такiя, як, напрыклад, беларускiя навукоўцы I.Смоляр i У.Ермашкевiч, палiтвязень Ю.Бандажэўскi, альбо расiйcкi прафэсар А.Яблакаў, здольныя на сапраўдны грамадскi ўчынак дзеля сьцьверджаньня навуковай iсцiны, на змаганьне са страхам казаць праўду, на барацьбу супраць ужываньня цьмяных і заблытаных вытлумачэньняў. Джозэф Манґана з праекта «Радыяцыя й грамадзкае здароўе», Нью Ёрк, i Джанэт Д. Шэрман з Істытуту навакольнага асяродзьдзя унівэрсытэта Заходняга Мічыґана ўзялi на сябе рызыку крытыкаваць атамную энэргiю ў ЗША, краiне, дзе гэтая ваенная тэхналогiя агрэсiўна навязваецца насельнiцтву як чыстая i бясьпечная энэргетычная панацэя. Яны вывучылi новыя дадзеныя стасоўна таго дасьледаваньня, што было зроблена ў канцы 1980-ых Нацыянальным Iнстытутам Рака, падчас адзiнай спробы фэдэральных чыноўнiкаў зафiксаваць узровень захворваньня ракам каля амэрыканскiх АЭС. Джозэф Манґана i Джанэт Д. Шэрман прааналiзавалi сьмяротнасьць ад лейкемii cярод дзяцей ва ўзросце ад 0-19 год у 67 амэрыканскiх графствах каля 51 АЭС, што былi запушчаныя ў 1957-1981 гг. Гэтыя лiчбы ўражваюць і выклікаюць абурэньне: жахлiвую карцiну дзiцячай сьмяротнасьцi немагчыма замаскаваць нiякай бясстраснасьцю статыстыкi. Сьмяротнасьць ад дзіцячай лейкеміі «павялічваецца, і на працягу апошніх 20 гадоў яна большая, чым у ранейшыя часы, для АЭС, якія працягваюць працаваць». Нават у ЗША, разьвiтай краiне, якая можа дазволiць сабе вялiзныя выдаткi на лячэньне рака, «кожны год на сем задыягназаваных выпадкаў дзіцячай лейкеміі прыходзiцца адна сьмерць». Канцэрагенныя эфэкты ўзьдзеяньня радыяцыi найбольш значныя сярод немаўлятаў i дзяцей. Лейкемiя – гэта тып дзiцячага рака, якi найбольш зьвязаны з удзеяньнем таксiчных агентаў, такiх, як радыяцыя, i найбольш часта дасьледваўся навукоўцамi. У ЗША колькасьць выпадкаў дзiцячай лейкемii вырасла на 28.7% за перыяд з 1975 па 2004 гг. Можна толькi прыпускаць, якiя лiчбы дзiцячай сьмяротнасьцi ад лейкемii мы будзем мець у Астравецкiм раёне на тэрыторыях, дзе плянуецца пабудаваць беларускую АЭС. Лукашэнка вырашыў будаваць АЭС насуперак меркаваньню грамадскай супольнасцi i здароваму сэнсу. Гэтае рашэньне было прынята пры актыўнай падтрымцы мiжнароднага ядзернага лобi. Яно пагражае i так значна пахiснутаму ў вынiку аварыi на ЧАЭС здароўю насельнiкаў краiны, перадусiм дзяцей. Спынiць будаунiцтва АЭС значыць не дапусьцiць новыя сьмерцi нашых дзяцей ад лейкемii.
Воля Мартыненка
Дзіцячая лейкемія ля АЭС
(Апублікавана пад рубрыкай “Ліст рэдактарам” ў часопісе «European Journal of Cancer Care» #17 за 2008 г., стар. 416-418; русский перевод – http://anr.noblogs.org/post/2009/04/04/childhood_leukaemia)
Нядаўні мэтааналіз Бэйкера й Гоэля (Baker and Hoel, 2007) задакумэнтаваў пасьлядоўны рост захворваньняў на лейкемію й сьмяротнасьці ад яе ў дзяцей, асабліва малодшых за 10 гадоў, якія жывуць каля АЭС. Хаця адназначная сувязь паміж дозай і захворваньнем і не была выяўлена, гэтыя вынікі патрабуюць больш шырокіх дасьледаваньняў. Даклад паглыбляе дасьледаваньні сувязі паміж ўзьдзеяньнем нізкіх доз радыяцыі й рызыкай дзіцячай лейкеміі, якія пачаліся ў канцы 1950-х гадоў, калі было задакумэнтавана павелічэньне сьмяротнасьці ад лейкеміі амаль у два разы ва ўзросьце да 10 год ад атрыманага ва ўлоньні рэнтгенаўскага выпраменьваньня (Stewart et al. 1958).
Працытаваныя аўтарамі працы паказваюць, што патрэбна большая колькасьць сучасных дадзеных. Зь 17 прац мэтааналізу 12 былі надрукаваныя да 1994 г., што выклікае пытаньне, ці правільна атрыманыя зьвесткі адлюстроўваюць сучасную карціну дзіцячай лейкеміі. Толькі адна праца дасьледавала амэрыканскія АЭС, хаця ў ЗША збудаваная амаль чацьвёртая частка ўсіх рэактараў сьвету. Гэты даклад вывучае ўзровень сьмяротнасьці ад раку ля амэрыканскіх рэактараў, якія пачалі працаваць да 1982 г., да й пасьля адкрыцьця, але спыняецца на дадзеных 1984 г. (Jablon et al. 1991). Наяўнасьць гістарычных дадзеных пра сьмяротнасьць на вэб-сайце Амэрыканскага цэнтра па кантролю й прадухіленьню захворваньняў (US Centers for Disease Control and Prevention) робіць магчымым працяг гэтых дасьледаваньняў. Папярэдняе дасьледаваньне, якое праводзілася Нацыянальным інстытутам раку ЗША (US National Cancer Institute), дало дадзеныя па сьмяротнасьці ад дзіцячай лейкеміі (ва ўзросьце 0-9 і 10-19 гадоў) каля 51 АЭС. Яно выкарыстоўвала стандартную прапорцыю сьмяротнасьці, СПС (Standard Mortality Ratio, SMR), якая вызначаецца як судачыненьне мясцовай сьмяротнасьці да нацыянальнай, каб прааналізаваць часавыя зьмены ля АЭС пасьля іх запуску. (У якасьці мясцовай тэрыторыі былі выбраныя адна-дзьве акругі, найбліжэйшыя да кожнай АЭС.) Цяпер магчыма дасьледаваць любыя зьмяненьні СПС ад дзіцячай лейкеміі ў залежнасьці ад працягу працы АЭС. Табліца 1 параўноўвае ўзроўні СПС за два пэрыяды: першы – з году пасьля запуску АЭС да 1984 года, другі – з 1985 да 2004 года. Тыя 51 АЭС таксама падзеленыя на 3 катэгорыі: больш старыя АЭС (былі запушчаныя ў 1957-1970 гадох і яшчэ працуюць), навейшыя (запушчаныя ў 1971-1981 і працуюць), і зачыненыя АЭС. Мясцовыя тэрыторыі складаюцца з 67 акруг, з насельніцтвам на дадзены момант каля 25 мільёнаў чалавек (каля 8% ад агульнага ў ЗША).
Мы бачым аднолькавую карціну: СПС ад дзіцячай лейкеміі павялічваецца, і напрацягу апошніх 20 гадоў яна большая, чым у ранейшыя часы, для АЭС, якія працягваюць працаваць. Найбольшыя зьмены адбыліся для найстарэйшых АЭС, СПС для дзяцей ва ўзросьце 0-19 гадоў вырасла на 13,9% з 0,986 да 1,123 (P < 0,02). Тэрыторыі, прылеглыя да навейшых АЭС адзначаюцца меншым павелічэньнем гэтай лічбы, на 9,4% (СПС з 0,897 да 0,981, хібнасьць неістотная). Для абедзьвюх груп станцый СПС узрастала больш хутка для групы 10-19 гадоў у параўнаньні з групай 0-10 год; гэтая карціна супярэчыць зьвесткам, атрыманым Бэйкерам і Гоэлем. На тэрыторыях, блізкіх да зачыненых АЭС адбылося нязначнае зьмяншэньне СПС з 1,028 да 0,971. За апошнія два дзесяцігодзьдзі агульная лічба сьмярцей ад дзіцячай лейкеміі ў раёне дзейных АЭС складае 1037, у параўнаньні з 255 ў раёне зачыненых.
На дадзены момант (1985-2004) мясцовая сьмяротнасьць ад дзіцячай лейкеміі каля старэйшых амэрыканскіх АЭС вышэйшая за агульнаамэрыканскую частату (СПС > 1,00), у той час як ля навейшых АЭС – ніжэйшая (СПС < 1,00). Хаця праўдападобна, што прычына назіраных тэндэнцый – большыя выкіды радыеізатопаў у асяродзьдзе са старэйшых станцый, трэба з асьцярожнасьцю інтэрпрэтаваць гэтыя дадзеныя. Між дзвюма групамі могуць быць дэмаграфічныя адрозьненьні, якія ўключаюць чыньнікі, што ўплываюць на рызыку сьмяротнасьці, такія як беднасьць, блізкасьць да мэдычнага абсталяваньня і наяўнасьць іншых забруджвальнікаў навакольля. Таксама з асьцярожнасьцю трэба дасьледаваць вынікі для тэрыторый ля зачыненых рэактараў. Цалкам магчыма, што зьмяншэньне выкідаў пасьля спыненьня працы станцый выклікае зьмяншэньне сьмяротнасьці ад дзіцячай лейкеміі, але іншыя дадатковыя чыньнікі мусяць быць улічаныя.
Аналіз таксама закрануты вызначэньнем “раньняга пэрыяду” пасьля адкрыцьця станцыі. “Раньнi пэрыяд” у дадзеных Нацыянальнага Інстытута Раку ЗША можа складаць ад 3 да 27 гадоў пасля запуску, у залежнасьці ад АЭС. Гэта можа паўплываць на вынікі, нават нягледзячы на тое, што ў пазьнейшы час выкарыстоўваліся стандартныя 20 год.
Станцыя, ля якой жыве найбольшае мясцовае насельніцтва – АЭС Сан Анофрэ (San Onofre), зьмешчаная на мяжы акруг Сан Дыеґа (San Diego) й Орандж (Orange). Вынікі для гэтай станцыі таксама паказаныя ў табліцы 1, там назіралася значнае павелічэньне СПС ад лейкеміі дзяцей ва ўзросце 0-9 і 10-19 гадоў. Тэрыторыі ля іншых асобных збудаваньняў вызначаюцца меншай колькасьцю сьмерцяў, якія не маюць статыстычнай значнасьці.
Дзякуючы значным тэрапэўтычным посьпехам за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў часьціня выжываньня пры дзіцячай лейкеміі адна з найвышэйшых для ўсіх відаў раку ў разьвітых краінах. Частата сьмерцяў значна зьменшылася, хоць колькасьць захворваньняў павялічылася. У ЗША сьмяротнасьць ад дзіцячай лейкеміі і колькасьць захварваньняў за пэрыяд ад 1975 да 2004 зьмяніліся, адпаведна, на -49,0% і +28,7%. Цяпер кожны год на сем задыягназаваных выпадкаў дзіцячай лейкеміі прыходзiцца адна сьмерць (Ries et al. 1975-2004). Аналіз апошніх дадзеных па сьмяротнасьці ад дзіцячай лейкеміі ля АЭС можа адлюстроўваць як вынікі радыеактыўнага апраменьваньня, так і эфэктыўнасьць курсаў лячэньня ды іншыя чыньнікі. У той час як далейшыя дасьледаваньні мусяць уключаць дадзеныя й па колькасьці захворваньняў, і па сьмяротнасьці, менавіта дынаміка колькасьці захворваньняў каля АЭС можа даць больш паказальныя зьвесткі. У дадатак, паколькі аддзелы ўліку раку атрымоўваюць дадзеныя за большы пэрыяд, гэта можа дапамагчы працягваць вывучэньне часавых тэндэнцый гэтага захворваньня ля АЭС.
Табліца 1. Зьмены СПС дзіцячай лейкеміі для амэрыканскіх АЭС адкрытых у 1957-1981, ад адкрыцьця да 1984 у параўнаньні з 1985-2004
СПС (сьмерці)
Узрост, гадоў | Адкрыцьцё–1984 | 1985–2004 | % зьмены СПС
Усе станцыі, якія яшчэ працуюць, адкрытыя ў 1957-1981 (n=39)
0–9 | 1,004 (639) | 1,077 (504) | +7,3 P < 0,24
10–19 | 0,910 (516) | 1,038 (533) | +14,1 P < 0,04*
Агулам 0–19 | 0,960 (1155) | 1,055 (1037) | +9,9 P < 0,03*
Найстарэйшыя станцыі, якія яшчэ працуюць, адкрытыя ў 1957-1970 (n=12)
0–9 | 1,051 (487) | 1,176 (292) | +11,9 P < 0,14
10–19 | 0,909 (351) | 1,077 (283) | +18,5 P < 0,04*
Агулам 0–19 | 0,986 (838) | 1,123 (575) | +13,9 P < 0,02*
Больш новыя станцыі, якія яшчэ працуюць, адкрытыя ў 1971-1981 (n=27)
0–9 | 0,880 (152) | 0,964 (212) | +9,5 P < 0,39
10–19 | 0,913 (165) | 0,996 (250) | +9,1 P < 0,39
Агулам 0–19 | 0,897 (317) | 0,981 (462) | +9,4 P < 0,22
АЭС Сан Анофрэ, каліфарнійскія акругі Сан Дыеґа й Орандж, адкрытая ў 1967
0–9 | 1,080 (229) | 1,305 (204) | +20,8 P < 0,06
10–19 | 0,880 (171) | 1,242 (199) | +41,1 P < 0,002*
Агулам 0–19 | 0,984 (400) | 1,269 (403) | +29,5 P < 0,0004*
Усе зачыненыя АЭС, што працавалi ў 1957-1981 (n=12)
0–9 | 1,015 (150) | 0,962 (120) | -5,2 P < 0,66
10–19 | 1,043 (137) | 0,980 (135) | -6,0 P < 0,61
Агулам 0–19 | 1,028 (287) | 0,971 (255) | -5,5 P < 0,51
* Істотныя пры P < 0,05.
Спасылкі:
Baker P.J. & Hoel D.G. (2007) Meta-analysis of standardized incidence and mortality rates of childhood leukaemia in proximity to nuclear facilities. European Journal of Cancer Care 16, 355– 363.
Jablon S., Hrubec Z. & Boice J.D. (1991) Cancer in populations living near nuclear facilities: a survey of mortality nationwide and incidence in two states. New England Journal of Medicine 265, 1403–1408.
Ries L.A.G., Melbert D., Krapcho M., Mariotto A., Miller B.A., Feuer E.J., Clegg L., Homer M.J., Howlader N., Eisner M.P., Reichman M. & Edwards B.K., eds (1975–2004) SEER Cancer Statistics Review, National Cancer Institute, Bethesda, MD, USA: Наяўны па адрасе: http://seer.cancer.gov/csr/1975_2004.
Stewart A., Webb J. & Hewitt D. (1958) A survey of childhood malignancies. British Medical Journal 1, 1495–1508.
US Centers for Disease Control and Prevention (2007) Underlying cause of death. Наяўны па адрасе: http://wonder.cdc.gov, Коды ICD-9 для лейкеміі да 1999 году ўлучаюць 204.0–208.9; коды ICD-10 для лейкеміі з 1999 году ўлучаюць C90.1–C95.9.
Аўтары:
Джозэф Манґана (Joseph Mangano)
Праект «Радыяцыя й грамадзкае здароўе» (Radiation and Public Health Project), Нью Ёрк, ЗША
Джанэт Д. Шэрман (Janette D. Sherman)
Істытут навакольнага асяродзьдзя ўнівэрсытэта Заходняга Мічыґана (Environmental Institute, Western Michigan University), Каламазу, Мічыґан, ЗША
Дадатак
Амэрыканскія АЭС, адкрытыя ў 1957-1981, выкарыстаныя ў табліцы 1, паводле часу адкрыцьця й працоўнага стану
Адкрытыя ў 1957–1970: Shippingport/Beaver Valley, Dresden, Indian Point, Fermi, San Onofre, Ginna, Nine Mile Point/Fitzpatrick, Oyster Creek, Millstone, Point Beach/Kewaunee, Robinson, Monticello
Адкрытыя ў 1971-1981: Palisades, Pilgrim, Quad Cities, Surry, Turkey Point, Vermont Yankee, Browns Ferry, Fort Calhoun, Oconee, Prairie Island, Arkansas 1,2, Calvert Cliffs, Cooper Station, Duane Arnold, Hatch, Peach Bottom, Three Mile Island, Brunswick, Cook, Salem, St. Lucie, Crystal River, Davis Besse, Farley, North Anna, Sequoyah, McGuire
Зачыненыя: Yankee Rowe, Big Rock Point, Hallam, Humboldt Bay, Pathfinder, Haddam Neck, LaCrosse, Maine Yankee, Zion, Rancho, Seco, Trojan, Fort St. Vrain