Тэзы пра графіці, не агучаныя падчас прэзентацыі праекта by_stencil у лістападзе 2007 году

Адразу агаваруся, што я не ствараю графіці. Тым не менш, я з дзяцінства сустракаюся з гэтай формай грамадскага ўзаемадзеяння, і мушу выпрацаваць сваё разуменне, навошта яна трэба і куды яе падзець.
Спадзяюся, гэтыя думкі будуць цікавыя і графітчыкам, і гледачам графіці. Таксама спадзяюся, што яны выклічуць зваротную сувязь, падтрымку ці палеміку. Карацей, падштурхнуць вашыя мазгі варушыцца.
Не выключана, праўда, што напісанае ніжэй ёсць ні чым іншым, як бессэнсоўным зборам банальнасцяў. Калі вы так і лічыце, прашу аб гэтым мне паведаміць. (Пажадана, доказна.)

У нейкі момант цябе перастае задавальняць "нармальны" стан рэчаў. У гэтым горадзе робіцца нешта не тое.
Прастору горада адабралі ў нас, выхаласцілі. На правільна-роўных, прамых вуліцах раўнамерна размешчаны запрашэнні на выбары (вырабы? працу?), дарожныя знакі й заклікі купляць, спажываць і ванітаваць (бо калі не званітуеш, новая порцыя не змесціцца ў твае вантробы).
Гэты горад адчуджаны, мёртвы. Але ў нашых сілах ажывіць яго.
Горад – месца канцэнтрацыі людзей, магчымасцей, узаемадзеянняў, абменаў. Графіці (і ў прыватнасці stencil) – адзін са спосабаў вярнуць гораду яго адвечнае прызначэнне.

Ачалавечванне сучаснага мегаполісу, якое прапаноўвае графіці – гэта крок па ператварэнню мёртвай сканструіраванай прасторы ў абжытае, напоўненае людскімі сувязямі месца.
Мертвеннасці гораду дадаюць афіцыйныя пасланні, шчодра раскіданыя па ім. Калі нехта піша на плоце штосьці (хай сабе і слова з трох літараў), то парушае манаполію ўлады і капітала на расповед пра сябе, любімых. І чым больш людзі адваёўваюць плошчы сценаў для нефармальнай камунікацыі, тым смачней (калі хочаце – якасней) іх жыццё.
Мы ў сілах самі праводзіць у жыццё культурную дэцэнтралізацыю, ствараць уласныя мастацкія галерэі ў напаўзакінутых прамзонах, пісаць электрычныя песні для трансфарматарных будак.

Горад знаёмы яго жыхарам і частым гасцям, але заўжды іншы; кожны раз ён дорыць цікавосткі. Такой цікавосткай і можа стаць нечаканае пытанне "Ты был в Керчи?", зададзенае са сценкі дома, у якім жыве твая бабуля. І менавіта гэткія сюрпрызы ствараюць "дух месца".

Ну так, "нармальны" стан рэчаў нас не задавальняе і мы хочам яго змяніць. І быццам бы нават змяняем: вось яны, у наяўнасці, аздобленыя развясёлымі колерамі сцены.
Але існуючая грамадская сістэма настолькі зменлівая і ўсяядная, што даводзіцца заўжды быць на крок наперадзе, каб яна не распусціла цябе разам з тваімі ідэямі.

Можна спрабаваць давесці да абсурда бясконцае мельцяшэнне знакаў, якім напоўнена прастора горада, – заляпіць усе слупы налепкамі з камбінацыяй выяў і літар, якая нічога не значыць, ці пакінуць за кожным вуглом свой tag. Калісьці гэта сапраўды было падобна на выбух. У 1970-я істэблішмэнт быў цяжка паранены подпісамі графітчыкаў ледзь не на кожнай сцяне і размаляванымі вагонамі метро ў Нью-Ёрку. Тады карты былі зблытаны, на нейкі час уладзе стала незразумела, што супрацьпаставіць анархічнай экспрэсіі вуліц. Але гэта ўжо не пройдзе. Такая тактыка альбо будзе ўхваленая мэйнстрымам (узгадайце рэкламныя налепкі на менскіх слупах), альбо папросту застанецца незаўважанай, згубіцца ў бясконцасці сімвалаў, раскіданых па мясцовасці.

Без сувязі з сацыяльнымі рухамі графіці будзе ўтылізаванае капіталізмам: стане часткай індустрыі забаў ці паглынецца рэкламай. Менавіта таму мяне так цешаць трафарэты "bike punx" ці "мутанты за ядерную энергетику", нават калі яны троху аляпаватыя. Ёсць такія штукі, як транспартная палітыка, жыллёва-камунальная гаспадарка, сацыяльныя гарантыі і выплаты. І з усімі гэтымі з’явамі мы, хочам таго ці не, маем стасункі. Дык лепш, каб мы праяўлялі ініцыятыву, а не чакалі, пакуль нас кудысьці чагосьці па штосьці…

Час праецыраваць на сцены ўласныя сэнсы!

Варта не забываць, што графіці – не толькі само па сабе падзея грамадскага жыцця, але і сродак перадачы думак, і сродак паведамлення аб іншых падзеях. А медыі – нішто, калі няма падзей. Каб стварыць добрую рэпрэзентацыю, трэба, каб было, што рэпрэзентаваць. І значыць, трэба рабіць падзеі па-за графіці, перайсці ад стварэння сімвалаў (свабоднай цыркуляцыі ідэй) да сацыяльнага дзеяння.

Каб не абмяжоўвацца абстрактнымі заклікамі, прапаноўваю наступны фармат адной з іншых сустрэч праекта by_stencil: вулічны пікнік. Такое мерапрыемства па ажыўленню гарадской прасторы можа адбыцца ў цёплую пару года. Апрача трафарэтаў ды іх адбіткаў з дому варта прыхапіць ежу, пітво, магнітафоны, крэслы, канапы (іх магчыма перавозіць на прычэпах да ровараў). Распалажыўшыся на ходніках ды на праезнай частцы, можна распачаць свабодны абмен думкамі. І рэчамі таксама: наладзіць самы свабодны рынак, дзе нічога не будзе купляцца і прадавацца, а толькі дарыцца і прымацца ў падарунак.

Прыклады? Глядзіце: Stout, Sara. How to Make a Street Carfree // Carbusters. 2004. #20. (http://www.carbusters.org/magazine/no20.php)
You Too Can Organize A Street Party (Straight from the Book,"Road Raging") // Carbusters. 1998. #1. (http://www.carbusters.org/magazine/no1.php)
The Really Really Free Market: Instituting the Gift Economy (http://www.crimethinc.com/texts/recentfeatures/reallyreally.php)

Натхнення на акцыі можна пашукаць тут: http://belarus.indymedia.org/11209

Пры падрыхтоўцы дадзенага тэкста выкарыстоўвалася таксама наступная прэзентацыя:
Samuel, Sajay and Robert, Jean. Carfree or Not: The Danger of Designed Spaces. Talk given at “Towards Carfree Cities, IV” (Berlin, July 21, 2004). (http://www.pudel.uni-bremen.de/pdf/Samuel_Robert_Carfree_07_04_en.pdf)

About kairos

Либертарный блог, инициированный для актуального анализа и критики современной ситуации в Беларуси и мире, площадка для культивирования альтернативных, неавторитарных подходов к политике, искусству и повседневной жизни.
This entry was posted in тэорыя. Bookmark the permalink.