Калісьці Аляксей Талстоў граў рэгі ў гурце "Чык-чык". Цяпер вось выступае самастойна, зьмяніўшы музычную канцэпцыю.
Альбом атрымаўся вельмі восеньскі. Нездарма ён і называецца "Кастрычнік". Як кажа сам Аляксей, матэрыял запісваўся на лецішчы ў кастрычніку 2007 г., цягам двух тыдняў.
Па восеньскай дарозе –
Аблокі за плячыма –
Кастрычнік на парозе
Лыпае вачыма.
Дзівіцца маленькі хлопчык жаўталісты
Музыцы сьляпога гітарыста.
Гук даволі мінімалістычны: голас і гітара. Але бардаўскай песьняй сьпевы Аляксея не назавеш. Справа ў тым, што і вакальная, і гітарная дарожкі двайныя, а вакол іх прытанцоўваюць электронныя эфекты. Сьпярша здаецца, быццам зьведзена ўсё троху "не туды". Ды не, так і задумана. Адвыкайце ад папсовай прылізанасьці, пагойдваючыся на хвалях музыкі Аляксея Талстова.
Стылістыку, у якой піша Аляксей, адным словам абазваць немагчыма. І гэта добра. Яму ня трэба касіць пад кагосьці.
Я супакоіўся:
Буду страляць халастымі па гэтых абразах.
Так і застануся блазнам.
У дворыкаў сховы ногі зьнясуць
І тулава стане лягчэй
У пошуках чыіхсьці вачэй.
Настрой альбому лірычны. Тых, каму ўвосень сумна і шэра, ён супакоіць, закалыхае. Нагадае, што "зноўку штосьці будзе, зноўку будзем стопіць". Я ўжо ня першы тыдзень мурлычу пад нос радкі з гэтага запісу, пінаючы лісьце і ледзяшы па вулках і ў дварах. Тыя радкі саграваюць, залагоджваюць.
А каб лірычны настрой не пераліўся ў хандру, апошняй песьняй (з васьмі) ідзе "Няма нічога цяплейшага…" У самы люты мароз і ў самую цёмную ноч дапамогуць "промні сонца сэрца твайго".
Думалі, буду пры канцы рэцэнзіі запрашаць вас у музычныя крамы? Ні фіга! Як і большасьць іншых вартых кружэлак, напісаных тут, гэтую цывільна набыць немагчыма. Спадзяюся, ніколі яе ў крамах і ня будзе. Бо мастацтва ня мае цаны. Так што шукайце Лёшу і прасіце ў яго дыск. Ну а калі гэты пэрсанаж вам незнаёмы, пішыце рэцэнзенту: valodzka [sabaka] mail.ru.