(Жыхары горада супраць карпарацый і карумпаванага ўрада)
Мегабарацьба супраць медыягіганта
Калі я прыехаў у Берлін ліпенем 2010 г., то заўважыў стракатыя плакаты з узнятым ўгору кулаком, расклееныя па горадзе. Плакаты апавяшчалі пра дэманстрацыю «Megaspree» пад лозунгам «Rette deine Stadt» («Выратуй твой горад»).
Заклік да дэманстрацыі падпісалі паўтараста арганізацый, ініцыятыў, клубаў, мастацкіх аб’яднанняў. Марш у форме зоркі (sternmarsch) быў праведзены 10 ліпеня. Людзі з розных стартавых пунктаў у шасці раёнах (Фрыдрыхсхайн/Friedrichshain, Кройцберг/Kreuzberg, Міттэ/Mitte, Моабіт/Moabit, Прэцлаўэр Берг / Prenzlauer Berg, Трэптаў/Treptow) ішлі да агульнага пункту прызначэння. Яны сустрэліся перад Чырвонай ратушай (Rotes Rathaus), у якой засядае Ландтаг Берліна, каб правесці мітынг-канцэрт. Нягледзячы на экстрэмальную спёку (амаль 40 градусаў), паўдзельнічаць прыйшлі каля 5 тысячаў чалавек.
За што і супраць чаго яны маршавалі?
Галоўным аб’ектам для крытыкі быў Mediaspree (Медыяшпрэе), – гіганцкі праект забудовы абодвух берагоў ракі Шпрэе (Spree) ў раёнах Міттэ, Кройцберг, Фрыдрыхсхайн і Альт-Трэптаў дарагімі гатэлямі, офіснымі будынкамі, жылымі дамамі для багатых, паркінгамі, аўтамабільнымі мастамі ды іншай мітуснёй. Інвестарамі з’яўляюцца вялікія медыя-канцэрны (накшталт MTV). Ажыццяўленне праекту прывядзе да знішчэння жывой і залёнай прасторы для прагулак і гульняў на берагох Шпрэе і стварэння на яе месцы бетоннай пустыні.
«Schwarzer Kanal» (Шварцэр Канал) – знакаміты квір-вагенбург[1], дзе жывуць лесбіянкі, трансы і феміністкі, ужо вымушаны быў пакінуць сваё наседжанае месца на беразе Шпрэе, дзе плануецца пабудаваць гатэль – складовую частку праекта Mediaspree. Яны перасяліліся на Міхаэлькірхстрасэ 20 (Michaelkirchstrasse).
У Кройцбергу і Фрыдрыхсхайне быў праведзены мясцовы рэферэндум, падчас якога 87% мясцовых жыхароў выказаліся супраць праекта Mediaspree. Грамадзяне хочуць, каб берагі ракі былі адкрытыя для ўсіх, а не ператварыліся ў прыватныя тэрыторыі, зачыненыя для «плебсу».
Але Mediapspree – не выключная праблема насельнікаў Берліна у часы неалібералізма. У Еўрасаюзе (і Нямеччына тут не выключэнне) ўлады даюць усё болей свабоды капіталу, і адбіраюць свабоду і сацыяльныя гарантыі ў людзей. У гарадах гэта абазначае продаж усяго, што раней было грамадскім (ці камунальным) прыватным фірмам, стварэнне люксус-асяроддзя для багатых і знішчэння месцаў, дзе жывуць і выжываюць бедныя.
Мокрая справа джэнтрыфікацыі: Берлінскі вадаправод, Бруннэнштрасэ, Тахелес
Дзеля таго, каб апісаць гэты адносна новы феномен жыцця гарадоў, у сацыялогіі быў уведзены ва ўжытак панятак “джэнтрыфікацыя”. Гэта працэс змены гарадскіх супольнасцяў, калі багацейшыя людзі скупаюць уласнасць у былых працоўных раёнах. У выніку сярэдні даход сярод людзей, якія там жывуць, падвышаецца, а памер сем’яў зніжаецца. Плата за арэнду, кошт жытла і падаткі ў бюджэт горада павялічваюцца, а жыхароў з нізкімі даходамі высяляюць з нажытых месцаў – яны вымушаныя прадаваць сваю маёмасць і пераязджаць у больш танныя раёны. Часта старыя прамысловыя памяшканні ператвараюцца ў кватэры і крамы, – такім чынам ствараюцца новыя прадпрыемствы, арыентаваныя на багацейшых спажыўцоў. Гэта прыцягвае багатых жыхароў іншых раёнаў і стварае бар’ер для бедных жыхароў гэтага самага раёна. Што адбываецца не без падтрымкі дзяржавай прыватных інвестыцыяў у занепадаючы жыллёвы сектар, калі муніцыпалітэт дазваляе распродаж будынкаў направа і налева.
Адзін з прыкладаў – прыватызацыя Berliner Wasserbetriebe (Берлінскага вадаправода). У 1999 г. 49,9% акцый Berliner Wasserbetriebe было прададзена прыватным карпарацыям RWE[2] і Veolia. Пачалі масава звальняць работнікаў, некаторыя падраздзяленні былі зачыненыя, а жыхары Берліна зараз плацяць адну з найвышэйшых у Еўропе цэн за ваду. Жыхары Берліна патрабуюць вяртання воднай службы ў камунальную ўласнасць і зніжэння цэн. Грамадзянская кампанія Berliner-Wassertisch мае на мэце сабраць 170.000 подпісаў і перадаць гэтыя подпісы ўладам, каб пазбегнуць далейшай прыватызацыі водаправоду.
Berliner Wasserbetriebe – манапаліст на гарадскім рынку; адпаведна, рэкламы ён не патрабуе. Пры гэтым растаўляе па горадзе бігборды памерам 6х3 метры СА сваёй рэкламай. Прыкладна такім чынам і расходуюцца грошы, якія дзяруць з жыхароў Берліна: не на паляпшэнне вадаправоду, а на паляпшэнне іміджа кампаніі.
У выніку прыватызацыі многія калектыўныя жыллёвыя праекты выкідваюць на вуліцу. Горад прадае іх дамы прыватным фірмам (безумоўна, без згоды жыхароў), якія звычайна падвышаюць арэнду ці наогул не хочуць, каб грамадскія і палітычныя актывісты жылі ў тым ці іншым доме. 24 лістапада 2009 г. калектыў дома па Бруннэнштрасэ 183 (Brunnenstrasse) (раён Прэнцлаўэр Берг), дзе размяшчаліся free-shop[3], пакой для прэзентацый і дыскусій, пакой для рэпетыцый музычных гуртоў, мастацкая майстэрня, фотамайстэрня, галерэя і мастацкае атэлье быў выкінуты на вуліцу падчас спецаперацыі, у якой удзельнічала 600 паліцэйскіх (у гэтым невялікім доме жыло некалькі дзесяткаў чалавек). Дагэтуль будынак стаіць пусты.
Самаму вядомаму ў Еўропе цэнтру незалежнага мастацтва Тахелес (Kunsthaus Tacheles) сёння пагражае высяленне. Адкрыты ў 1990 г. ў гістарычным будынку прызначанага пад знос гандлёвага пасажа, Тахелес стаў вялікім цэнтрам альтэрнатыўнага мастацтва з галерэямі, мастацкімі майстэрнямі, тэатральнай сцэнай, кіно, начным клубам і кавярняй “Запата” (Café Zapata). Беларускі мастак Алесь Родзін мае ў Тахелесе майстэрню. У Берліне і ў Мінску пры падтрымцы Тахелеса зазвычай праводзіцца міжнародны фестываль “DACH”, які ў гэтым годзе адзначае чатырнаццатую фармацыю. Уласнік ўчастка зямлі, на якім стаіць Тахелес, зямельны банк Гамбурга (HSH Nordbank), каб выплаціць сваю запазычанасць, плануе яго прадаць інвестарскай фірме FUNDUS пад пабудову люксавых апартаментаў. Па інфармацыі радыёстанцыі “Deutsche Welle“, продаж зямлі банку ў 1990-ыя адбыўся незаконна.
Вядома, мастакі, музыканты і багема таксама абараняла права заставацца ў Тахелесе падчас дэманстрацыі Megaspree. Пазней яны ладзілі разнастайныя акцыі супраць банка, які прымушае іх з’ехаць, і наладзілі збор подпісаў і міжнародную кампанію “Я падтрымліваю Тахелес!”. Становішча Тахелеса нестабільнае. Барацьба працягваецца – 70 мастакоў з розных краін свету, якія жывуць і працуюць у Тахелесе, не збіраюцца пакідаць яго без барацьбы.
Кампаніі пратэста
З 2007 г. існуе самаарганізаваная кампанія “Мы ўсе застаемся” (“Wir bleiben alle”), якую вядуць левыя і альтэрнатыўныя праекты, а таксама рух у падтрымку уцекачоў і “нелегальных” імігрантаў. Яны разам абараняюць жылыя дамы і альтэрнатыўныя месцы ад высялення і ствараюць новыя.
Не толькі грамадзянскія ініцыятывы, але і пэўныя шырокавядомыя і вялікія недзяржаўныя арганізацыі (уключна з BUND) пратэстуюць супраць прадаўжэння кальцавога аўтабана A100 праз раёны Нойкёльн (Neukölln), Трэптаў і Фрыдрыхсхайн. Прапанаваная ўнутрыгарадская магістраль знішчыць многія зялёныя і ціхія куткі Берліна, вельмі моцна падвысіць узровень шуму, павялічыць забруджанне навакольнага асяроддзя. Жыхары раёна не згодныя ўбачыць за сваім вакном замест зеляніны шэрую гукапаглынальную сцяну аўтабана – у якіх-небудзь 50 метрах ад дома! Нягледзячы на гэтую сцяну, шум усё адно будзе моцны, а выхлапы ад рухавікоў будуць шкодзіць здароўю жыхароў прылеглых дамоў. А100 абяцае быць надзвычайна дарагой. Тры кіламетры дарогі абыйдуцца ў 420 мільёнаў еўра! Яшчэ 24 мільёны патрэбны на праект аўтабану і на змяненне прылеглых вуліц. Агульнавядома, што будаўніцтва новых дарог ўнутры горада пазбаўленае сэнсу: гэта не скарачае сярэдні час на падарожжы (з-за затораў і вялікіх адлегласцяў да пунктаў прызначэння), але адназначна пагаршае стан навакольнага асяроддзя. Чыноўнікі маюць уласную логіку (і відавочна, што такая логіка фінансава падтрымана аўтадарожнай будаўнічай індустрыяй). Краіна пакрытая густой сеткай аўтамабільных дарог, і ўжо даўно няма патрэбы будаваць новыя магістралі. Тым не менш адпаведны артыкул федэральнага бюджэта (нават пры дэфіцыце і пастаянным скарачэнні выдаткаў на сацыяльныя праграмы) скарачэнню не падлягае. А100 таксама плануюць фінансаваць з федэральнага бюджэта.
Жыхары Берліна не проста абараняюць горад, які любяць. Яны таксама бяруць ініцыятыву ў свае рукі і самі плануюць тыя ці іншыя змены да лепшага.
У 2008 г. быў зачынены стары аэрапорт Тэмпельхоф (Tempelhof), закладзены ў 1923 г. і разбудаваны пры Гітлеры як адзін з найбольш пампезных будынкаў Нямеччыны – брама ў нацысцкую сталіцу. Цяпер робяцца планы правесці на полі Тэмпельхофа ў 2017 г. Міжнародную выставу садовага будаўніцтва (Internationale Gartenbauausstellung). Большую частку поля хочуць ператварыць у кварталы люксавых кватэр і, магчыма, гатэлі, каб прымаць замежных гасцей. Прыватная кампанія “Grün Berlin” (“Зялёны Берлін”) паспрабуе надалей ператварыць гэта месца ў прыватны парк, агароджаны высокім плотам, зачынены ўночы, з аховай і платай за ўваход – 16 еўра.
Дэмакратыя і правы асобы ў такіх парках істотна абмежаваныя (напрыклад, дэманстрацыі не дазваляюцца). “Grün Berlin” ужо распараджаецца некалькімі паркамі Берліна (напрыклад, Брытцэр Гартэн / Britzer Garten), і горад плаціць гэтай кампаніі за ўтрыманне такіх зялёных месцаў. Толькі маленькі кавалак поля Тэмпельхофа ўлады плануюць ператварыць у грамадскі парк. У чэрвені 2009 г. і траўні 2010 г. адбыліся акцыі «Reclaim Tempelhof», скіраваныя супраць такіх планаў і за адкрыццё былога аэрадромнага поля для ўсіх (магчыма, ператварэння яго ў парк). Пратэсты былі сцішаныя вялікімі сіламі паліцыі, але ў траўні 2010 г. ўлады ўсё-ж такі адкрылі поле Тэмпельхофа для публікі (толькі ўдзень і з прыватнай аховай унутры).
Іншае знакамітае месца Берліна – Маўэрпарк (Mauerpark). Яго стварылі ў раёне Прэнцлаўэр Берг пасля падзення Берлінскай сцяны на частцы былой “мёртвай паласы”. Калісьці гэта была тэрыторыя вакзалу Альт Нордбанхоф (Alt Nordbahnhof). Заходняя частка былой чыгуначнай станцыі дагэтуль занятая складамі. Мясцовыя жыхары патрабуюць пашырэння Маўэрпарку, і здаецца, што яны перамогуць.
Давайце вернемся да Megaspree. Гэта была не нудная палітычная дэманстрацыя, а фестываль чароўнага Берліна – горада розных і цікавых людзей, горада з жывой вулічнай культурай. Ансамблі гралі і спявалі песні пра свае раёны і людзей, якія там жывуць (глядзі, напрыклад, відэа “Berlin stinkt!” / “Берлін смярдзіць!” гурта Incredible Herrengedeck, акурат прысвечанае джэнтрыфікацыі і Медыяшпрэе). Дэманстранты рабілі перформансы ды іншыя мастацкія акцыі, палівалі адно аднога з вадзяных пісталетаў і садовых палівалак, людзі на грузавіках з саўндсістэмамі з гумарам каментавалі навакольныя падзеі. Каманда радыкальных перкусіяністак і перкусіяністаў з вельмі сур’ёзным відам бомкала ў мятыя талеркі і латаныя-пералатаныя бубны, замацаваныя на перасоўным каркасе. Кульмінацыяй народных гулянняў было масавае купанне ў фантане са статуяй Пасейдона, пасля якога да высока ўзнятага жэзлу. Пасейдона засталіся прымацаваныя вялікі чорна-чырвоны сцяг і меншы сцяжок “Mediaspree versenken!” (“Затапі Медыяшпрэе!”). Гэтыя людзі самі добра ведаюць, якім яны хочуць бачыць свой горад, і не збіраюцца падпарадкоўвацца падкупленым чыноўнікам.
Тое, як жыхары Берліна ставяцца да свайго горада, – прыклад таго, як мясцовая супольнасць можа адстойваць свае інтарэсы. Калі вельмі захацець, можна самастойна вызначыць шлях развіцця горада, і ўмерыць апетыты хцівых карпарацый і карумпаванага ўрада. Калі вельмі захацець, можна многае… Але гэта ўжо іншая гісторыя. Да сустрэчы на вуліцах нашых гарадоў!
Пры напісанні артыкула былі выкарыстаныя наступныя друкаваныя матэрыялы:
1. LiS. Kleine Geschichte der Brunnenstrasse // Libertäres Stadtmagazin. No Eins. 1/3 10. S. 6. Нумар часопіса цалкам можна спампаваць па спасылцы: http://www.stadtmajazin.de/fileadmin/pdf-ausgaben/LiS-001.pdf
2. Nehmen wir uns die Stadt zurück?! Kiez-Broschüre. Aussichten, Interviews, Tipps, Erfahrungen und Informationen zum Tempelhofer Feld und dem Bezirk Neukölln. [Berlin, 2010.] – 32 s. Інфармацыя пра брашуру ў інтэрнэце: http://tfa.blogsport.de/2010/05/24/kiez-broschuere-reclaim-tempelhof/
3. Spreeufer für alle! Bilanz der Verhandlungen im Sonderausschuss Spreeraum von Oktober 2008 bis Dezember 2009. Hintergründe, Vorschläge, Ergebnisse / Initiativkreis Mediaspree versenken! AG Spreeufer. – 16 s. Публікацыя даступная ў інтэрнэце: http://www.ms-versenken.org/images/endfassungbrosch.pdf
4. Wir bleiben alle. Eine Broschüre gegen steigende Mieten, die Verdrängung von Menschen mit geringen Einkommen und die Vertreibung alternativer Projekte. Eine Broschüre für das gute und selbstbestimmte Leben für alle und überall. Sommer 2009. – 36 s. Брашура даступная ў інтэрнэце: http://wba.blogsport.de/images/wba2009.pdf
[1] Wagenburg – паселішча з аўтафур і вагончыкаў.
[2] Энергетычная карпарацыя, галоўная ў Еўропе па выкідах CO2.
[3] Free-shop – бясплатная крама, дзе можна знайсці рэчы – адзежу, рыштунак, кнігі, інструменты і інш., пакінутыя іх папярэднімі гаспадарамі.